Logo Polskiego Radia
Print

Адносіны палякаў да навакольнага асяродзьдзя ў лепшым выпадку абыякавыя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.01.2017 14:23
Многія вывозяць сьмецьце ў лясы, вырубаюць дрэвы, каб пасадзіць кветкі, гадзяць літаральна пад сябе.
Photo: pixabay.com/CC0

Нядаўна палякі адкрылі, што існуе такая зьява, як смог. І пачалі непакоіцца, што ўзровень запыленасьці паветра ў многіх польскіх гарадах перавышае нормы ў шмат разоў, і нават горшы, чым у Пэкіне. Тым ня менш, яны не зьбіраюцца перастаць паліць аўтамабільныя шыны ды іншае сьмецьце ў хатніх печках – чытаем у выданьні „Dziennik Gazeta Prawna”.

Цяпер палякі чакаюць, як са смогам расправяцца ўлады. А самі ня вельмі імкнуцца нешта рабіць. Іх не цікавіць навакольнае асяродзьдзе. Таму многія вывозяць сьмецьце ў лясы, вырубаюць дрэвы, каб пасадзіць кветкі каля дому, гадзяць літаральна пад сябе. І так зьверху да самага нізу – ад дзяржаўных і муніцыпальных улад па звычайных жыхароў.

Аўтар артыкулу прыводзіць шмат прыкладаў нядбайнасьці пра асяродзьдзе. Скажам, у прыгарадах вялікіх гарадоў часта пасяляюцца прадстаўнікі багацейшага сярэдняга клясу, купляюць дарагія дамы, але ў гэтых дамах як правіла няма гарадзкой каналізацыі і вадаправоду, прыходзіцца ўсталёўваць выграбныя ямы. Цяпер гэтыя ёмістасьці пераважна робяцца з плястыку, і таму часта ўладальнікі іх прабіваюць, каб вадкасьць выцякала ў зямлю. Толькі чакаць, калі пачнецца эпідэмія заразных хвароб. Агулам вада ў малых мясцовасьцях дрэннай якасьці, а муніцыпальныя органы нямшмат робяць, каб гэта зьмяніць. У краіне існуе таксама перакананьне, што калі хтосьці інфармуе ўлады пра выпадкі забруджваньня асяродзьдзя, то гэта данос, а даносаў ніхто ня любіць.

У Польшчы назіраецца такі ўсходні падыход: індывідуальнае жыцьцё чалавека ня вельмі важнае, важнейшае – будаваць дарогі, выліваць бэтон, каб Айчына мужнела і багацела. Гэта вельмі прымітыўнае разуменьне разьвіцьця. Муніцыпальныя ўлады ня вельмі імкнуцца кантраляваць, чым жыхары паляць у печках і ці не прабіваюць кантэйнэры на адходы, паколькі мяркуюць, што выбрашчыкам гэта не спадабаецца. Адносіны палітычных эліт да асяродзьдзя падобныя, як нізоў – у лепшым выпадку абыякавыя.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт