Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь у СГА: палітычнае пытаньне

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.01.2017 16:24
  • Беларусь у СГА.mp3
У Жэнэве распачаўся чарговы раунд перамоваў аб далучэньні Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).
www.pixabay.com/CC0

Беларускую дэлегацыю ўзначальвае першы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.

Дарога Беларусі да ўступленьня ў арганізацыю вельмі доўгая. Заяўку на ўступленьне ў СГА Беларусь падала яшчэ ў 1993 годзе. У чэрвені 2009-га Беларусь, Казахстан і Расея раптоўна абʼявілі, што прыпыняюць двухбаковыя перамовы аб уступленьні ў СГА і будуць весьці кансультацыі на прадмет уступленьня ў арганізацыю адзінай мытнай тэрыторыяй. Аднак праз некалькі месяцаў тры краіны аднавілі двухбаковыя перамовы аб далучэньні да СГА паасобку. У выніку Расея стала членам СГА ў жніўні 2012 года, Казахстан – у лістападзе 2015 года.

У кастрычніку 2012 года Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вострая неабходнасьць уступленьня Беларусі ў СГА адпала пасьля ўступленьня туды Расеі. Тады ж Лукашэнка зьвярнуў увагу на палітычны аспэкт праблемы: «Мы правялі перамовы, але наткнуліся на палітычны плот. Нам кажуць, што гэта чыста гандлёвая, эканамічная арганізацыя – Сусьветная гандлёвая арганізацыя. Нічога падобнага. Палітыка тут пераважае. І палітычны плот гэты выбудавалі перад намі Эўразьвяз і Злучаныя Штаты Амэрыкі па вядомых вам прычынах: у нас няма правоў чалавека, у нас апошні аплот дыктатуры і гэтак далей».

Вясной 2013 года Беларусь аднавіла перамовы аб уступленьні ў СГА. 29 сакавіка 2016 года Лукашэнка правёў нараду аб узаемадзеяньні краіны з СГА, на якой даручыў актывізаваць перамоўны працэс.

На думку эканаміста Леаніда Заікі, Аляксандар Лукашэнка не памяняў свайго меркаваньня на тэму далучэньня да СГА. Ініцыятыва належыць беларускай намэнклятуры.

Л. Заіка: Яшчэ з 90-х гадоў, і пазьней, Лукашэнка быў праціўнікам чалецтва ў СГА. Я ня думаю, што на сёньняшні дзень ён памяняў свае погляды. Беларуская намэнклятура шукае вонкавых перамог. Міністру замежных спраў Макею трэба прадэманстраваць перамогі на зьнешнепалітычнай і зьнешнеэканамічнай арэне. Адсюль і чарговы націск на далучэньне да СГА. Хутчэй за ўсё, гэта лабізм беларускай намэнклятуры. Чаму? Гэта дае шанцы экспарту пэўным прадпрыемствам – з аднаго боку. Зь іншага, пакуль у Беларусі яшчэ ніхто не палічыў страты, якія будуць выкліканы ўзмацненьнем унутранай канкурэнцыі. СГА заўсёды абазначае ўдар па лёгкай прамысловасьці, па сельскай гаспадарцы, па іншых галінах унутранай эканомікі. Я б сказаў, што тут ёсьць палітычная гульня. Ня хочацца быць у адным сьпісе з Паўночнай Карэяй і Кубай. Гэта ініцыятыва накіраваная на тое, каб неяк павялічыць свае кантакты з Захадам, каб прадэманстраваць Крамлю, што Беларусь сама ў стане вырашаць многія пытаньні. А калі паглядзець эканамічна, то ўдзел Беларусі ў Эўразійскім зьвязе робіць не неабходным далучэньне да СГА.

На думку эканаміста, магчымае далучэньне да СГА будзе мець ня толькі эканамічны, але і палітычны характар.

Л. Заіка: Самае пікантнае наперадзе. На днях кіраўніцтва ЗША, Нямеччыны і іншых краін павінна даць станоўчы адказ на пытаньне, ці ёсьць у Беларусі рыначная эканоміка. Для мяне гэта забаўна. Цяжка эканоміку з такім дзяржаўным сэктарам, з такімі вялікімі субсыдыямі прадпрыемствам назваць рыначнай. Калі Трапм, Мэркель ці польскае кіраўніцтва зробяць гэта, то гэта будзе вельмі забаўна. Таму гэта таксама і палітычнае пытаньне.

На цяперашніх перамовах беларускі бок прадставіць у Жэнэве свой погляд на ўсе спрэчныя пытаньні. «Мы не чакаем, што адразу ж атрымаем зялёнае сьвятло, але перамовы зьяўляюцца вельмі важнымі. Яны важныя для высьвятленьня пазыцый бакоў, удакладненьня падыходаў адпаведных дзяржаў і давядзеньня нашай пазыцыі па спрэчных пытаньнях, якія яшчэ пакуль застаюцца», – сказаў міністар замежных спраў Уладзімір Макей.

ав/БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт