Logo Polskiego Radia
Print

Аўшвіц-Біркэнаў наведалі тры Папы рымскія

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 27.01.2017 16:14
  • Аўшвіц-Біркэнаў наведалі тры Папы рымскія.mp3
Мінула 72 гады ад моманту вызваленьня нямецкага канцлягеру Аўшвіц-Біркэнаў.
PAP/Andrzej Grygiel

27 студзеня 1945 году жаўнеры Чырвонай арміі вызвалілі каля 7 тысяч вынішчаных вязьняў, у гэтым каля паўтысячы дзяцей.

Аўшвіц-Біркэнаў быў самым вялікім месцам пакутніцтва і вынішчэньня ІІ сусьветнай вайны. Там загінуў мільён сто тысяч чалавек, пераважна габрэі, але таксама палякі, цыгане, савецкія ваеннапалонныя і прадстаўнікі іншых меншасьцяў.

Гэтае месца падчас пілігрымак у Польшчу наведалі Папы рымскія: Ян Павал ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак.

Ян Павал ІІ, як першы Папа ў гісторыі, прыехаў у Аўшвіц. Гэта было 7 чэрвеня 1979 году. Сьвяты айцец падкрэсьліў, што як галава Касьцёла, ён ня мог не прыехаць у гэтае месца. Пантыфік таксама зазначыў, што прыбыў сюды і як «сын польскага народу».

Ян Павал ІІ зьвярнуў увагу, што кожны народ павінен мець гарантаванае права на існаваньне, свабоду, незалежнасьць, а таксама на ўласную культуру і годнае разьвіцьцё. Папа Рымскі гаварыў у Аўшвіц-Біркэнаў, што толькі мір можа кіраваць лёсам народаў і цэлага чалавецтва.

Ян Павал ІІ: Ніколі адзін народ ня можа разьвівацца коштам іншага народу. Ня можа разьвівацца такой цаной, цаной яго залежнасьці, захопу, няволі, цаной яго эксплёатацыі, цаной яго сьмерці.

Для Яна Паўла ІІ канцлягер у Аўшвіц-Біркэнаў быў ня толькі сынонімам пагарды і прыніжэньня, але таксама месцам, дзе перамагла вера мучанікаў. Папа рымскі наведаў камэру, у якой загінуў айцец Максыміліян Кольбэ, добраахвотна аддаючы жыцьцё за іншага вязьня. Пантыфік падкрэсьліў, што айцец Кольбэ перамог пра дапамозе «веры і любові».

Ян Павал ІІ: Гэты чалавек перамог у месцы, якое было пабудаванае пры дапамозе абвяржэньня веры ў Бога і веры ў чалавека. Пабудаванае на радыкальным зьнішчэньні ня толькі любові, але і ўсіх прыкмет чалавечнасьці.

Папа рымскі Бэнэдыкт XVI наведаў былы канцлягер 28 траўня 2006 году. У сваёй прамове ён згадаў словы Яна Паўла ІІ і падкрэсьліў, што ён павінен быў прыехаць у Аўшвіц, паколькі гэта быў яго абавязак перад праўдай, перад тымі, хто пакутаваў у лягеры, а таксама перад Богам.

Бэнэдыкт XVI: Я знаходжуся тут, як пераемнік Яна Паўла ІІ, як сын нямецкага народу – сын таго народу, над якім група злачынцаў атрымала ўладу пры дапамозе абяцаньня стаць вялікім, абяцаньня вярнуць гонар і значэньне народу, распаўсюджваючы пэрспэктывы дабрабыту, але таксама выкарыстоўваючы тэрор і запужваньне, каб выкарыстаць народ, зрабіць яго прыладай для прагнасьці зьнішчаць і кіраваць.

Бэнэдыкт XVI гаварыў, што ў такім месцы не хапае словаў, а ў нясьцерпнай цішыні сэрца кліча Бога, пытаючыся, чаму Ён гэта дазволіў. Папа дадаў, што ў гэтай цішыні мы схіляем галаву перад тысячамі людзей, якія пакутавалі і памерлі ў лягеры.

Бэнэдыкт XVI: Гэтая цішыня аднак зьяўляецца голаснай просьбай прабачыць і прымірыцца, зьяўляецца малітвай да Бога, каб Ён ніколі больш такога не дазволіў.

Папа Францішак наведаў Аўшвіц-Біркэнаў падчас пілігрымкі ў Польшчу з нагоды Сусьветных дзён моладзі ў ліпені 2016 году. Ён сустрэўся з былымі вязьнямі, маліўся ў камэры айца Максыміліяна Кольбэ. Візыт адбываўся ў цішыні, Францішак ня выступіў з прамовай. Пасьля вяртаньня ў Рым, падчас аўдыенцыі 3 жніўня, Папа рымскі згадаў пра візыт у Аўшвіц-Біркэнаў. Ён сказаў: «У той цішыня я чуў, адчуваў прысутнасьць усіх душ, якія тудой прайшлі. Я адчуў жаль, міласэрнасьць Бога, якую сьвятыя душы змаглі прынесьці таксама ў гэтае пекла. У той цішыні я маліўся за ўсе ахвяры гвалту і вайны».

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт