Logo Polskiego Radia
Print

Міжваенная гісторыя Польскага радыё (АРХІЎНЫЯ ЗДЫМКІ)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 05.02.2017 21:41
  • Polskie Radio.mp3
Найбольш сучаснай станцыяй было радыё "Баранавічы", адкрытае ў 1938 годзе.
У студыі Польскага радыё "Кракаў", 1936 год У студыі Польскага радыё "Кракаў", 1936 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

1 лютага 1925 году пачало вяшчаньне Польскае радыё.

Крыху гісторыі з сусьветнага радыёвяшчаньня: першая ў сьвеце радыёстанцыя выйшла ў эфір 2 лістапада 1920 году ў амэрыканскім Пітсбургу. Першым у Эўропе радыё была станцыя «Масква»: яно выйшла ў эфір 22 сакавіка 1922 году.
1920-я гады – гэта пэрыяд імклівага разьвіцьця радыёвяшчаньня ў сьвеце. І хоць да стварэньня радыё «Варшава» ўжо 17 эўрапейскіх краін мелі свае радыёстанцыі, то і так Польшча не была апошняй: пазьней за яе былі створаныя станцыі ў Румыніі, Партугаліі, Балгарыі, Люксэмбургу, Грэцыі й краінах Балтыі.

Трансьляцыйны
Трансьляцыйны аўтамабіль Польскага радыё на базе "Шэўрале", 1939 год


Увогуле пачаткі Польскага радыё сягаюць 1923 году, калі ў польскай сталіцы было створанае Польскае радыётэхнічнае таварыства: фірма, якая займалася выпускам радыёпрыёмнікаў і радыёчастак. Сядзіба таварыства знаходзілася на вуліцы Нарбута 29, і менавіта пазьней з гэтага месца ў сьвет пайшоў першы сыгнал Польскага радыё. Згаданы будынак існуе па сёньняшні дзень. Ня так даўно на ім ва ўрачыстай атмасфэры была ўстаноўленая дошка ў памяць аб гістарычнай падзеі.

Запіс
Запіс спэцэфэктаў для радыёспэктаклю, 1936 год/Narodowe Archiwum Cyfrowe

І вось, прыйшоў 1 люты 1925 году. Дакладна а 18.00 гадзіне пачалося вяшчаньне словамі «Вы слухайце тэставую радыёстанцыю Польскага радыётэхнічнага таварыства, хваля 385 мэтраў..».. У першай перадачы было заяўлена, што пачынаючы з 1 лютага штодзень з 18-й да 19-й гадзіны можна слухаць перадачы. Так і стала. І перадачах выступалі вядомыя акторы, музыканты, артысты ды навукоўцы. Прычым выступалі бясплатна, бо ім была цікавая навінка, яны хацелі паспрабаваць нешта новае. Празь некалькі дзён у перадачах пачалі зачытваць прагнозы надвор’я паводле зводак Дзяржаўнага мэтэаралягічнага інстытуту ды навіны Польскага тэлеграфнага агенцтва. У канцы лютага таго ж году прэса пачала друкаваць праграму Польскага радыё. 18 красавіка 1926 году была створаная кампанія «Польскае радыё», і гэтая дата лічыцца афіцыйнай датай заснаваньня дзяржаўнай станцыі.

Дыктар
Дыктар Польскага радыё ў студыі ля мікрафону, 1938 год/Narodowe Archiwum Cyfrowe


Радыё пачало разьвівацца ня толькі ў Варшаве. Польскія ўлады разумелі важнасьць існаваньня станцыі і ў рэгіёнах. Пачынаючы з 1927 году пачынаюць стварацца радыёстанцыі ў рэгіёнах, прычым адно рэгіянальнае радыё ахоплівала некалькі ваяводзтваў. Спачатку быў Познань, пазьней Катавіцэ, а вось у студзені 1928 году пачало працу радыё «Вільня», якое ахапіла сваім вяшчаньнем значную частку Заходняй Беларусі (архіўны гук – слухайце гукавы файл).

Польскае
Польскае радыё "Вільня", 1928 год/Narodowe Archiwum Cyfrowe


Вядомай была радыёстанцыя ў Львове дзякуючы гумарыстычным перадачам, заснаваная ў 1930 годзе. У тым жа годзе пачалі працу станцыі ў Лодзі, у 1935-м – у Торуні й станцыя «Варшава 2». А вось 1 ліпеня 1938 году пачало працаваць радыё ў Баранавічах, якія ў той час уваходзілі ў склад Наваградзкага ваяводзтва міжваеннай Польшчы. Прычым тады баранавіцкая станцыя была адной з найбольш сучасных сярод рэгіянальных радыё калі гаварыць пра тэхніку, але й таксама й пра будынак, што быў пабудаваны з нуля спэцыяльна для станцыі. Дарэчы, будынак захаваўся па сёньняшні дзень.

Дырэктар
Дырэктар Польскага радыё "Баранавічы" Зьбігнеў Ціс-Банкевіч у працоўным кабінэце, 1939 год

На жаль, разьвіцьцё радыё ў краіне перарвала вайна. Пра напад гітлераўскай Нямеччыны грамадзяне Польшчы даведаліся па радыё (архіўны гук – слухайце гукавы файл).

Даваенны
Даваенны будынак Польскага радыё "Баранавічы", сучасны выгляд (2011 год)/commons.wikimedia.org/Ruslan Raviaka/CC BY-SA 3.0


Пасьляваенная гісторыя Польскага радыё пачынаецца ў лістападзе 1944 году, калі з чыгуначнага вагону ў вызваленым Любліне пачаліся перадачы на зьнішчаную вайной краіну. Але пра пасьляваенную гісторыю радыё – у іншы раз.

Валеры Саўко

слухайце гукавы файл - даваенныя джынглы Польскага радыё, фрагмэнт перадачы радыё "Вільня" й інш.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт