Logo Polskiego Radia
Print

Менск можа разьлічваць на Захад у канфлікце з Масквою

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.02.2017 18:30
  • Менск можа разьлічваць на Захад.mp3
...Калі Менск будзе бараніць сувэрэнітэт краіны - заяўляе польскі аналітык.
Foto: FLICKR

У верасьні бягучага году Беларусь ды Расея ладзяць сумесныя манэўры “Захад 2017”. Аднак напярэдадні манэўраў блёгеры пачалі біць трывогу, што пад выглядам манэўраў Расея правядзе ціхую акупацыю Беларусі.

Да такой высновы яны прыйшлі, аналізуючы колькасьць вагонаў, што замовіла Мінабароны Расеі для перавозкі жаўнераў у Беларусь. З падлікаў экспэртаў вынікае, што Масква хоча прывесьці ў Беларусь тысячы вайскоўцаў.

Афіцыйны Менск заявіў, што ніякай акупацыі ня будзе, а жаўнеры як зойдуць, так і выйдуць, аднак ня ўсе падзяляюць такі аптымістычны погляд беларускіх уладаў. Мы папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю польскага аналітыка Пшэмыслава Жураўскага вэль Граеўскага.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль Граеўскі: Для Расеі гэта безумоўна інструмэнт шантажу ў дачыненьні да Ўкраіны, Польшчы й балтыйскіх дзяржаў. Выхад расейцаў ажно да Берасьця будзе пагрозай нават безь ніякіх вайсковых апэрацый. Гэта нэгатыўна паўплывае на сытуацыю ў рэгіёне. Таксама гэта было б пагрозай для Летувы, якая мяжуе з Расеяй толькі праз Калінінград. Усё гэта стварыла б для Расеі магчымасьць да далейшых правакацый у адносінах паміж суседзямі ў рэгіёне: Польшча-Беларусь, Польшча-Летува, Летува-Беларусь.

Адмысловец перакананы, што Крэмль не завагаўся б скарыстацца такімі інструмэнтамі, таму заявы пра акупацыю пад выглядам манэўраў вельмі непакояць Польшчу.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль Граеўскі: Такі сцэнар вельмі небясьпечны. Увядзеньне такой масы войскаў у Беларусь не застанецца без палітычных наступстваў. Відаць, што Масква ў адносінах зь Менскам перайшла на гульню пры выкарыстаньні вайсковага інструмэнта. Гэта закране ўвесь рэгіён, калі дадаць сюды перавод войскаў NATO на ўсход, выбары ў Францыі ды Нямеччыне. Я бачу тут элемэнт расейскай палітыкі па “стварэньні напружанасьці” ды ўзьдзеяньня на псыхіку францускіх і нямецкіх выбарцаў. Масква спрабуе выставіць сябе звышдзяржавай, якая мае велізарную моц, і з якой няма шанцаў змагацца, таму трэба дамаўляцца. Масква хоча змусіць Захад і новую амэрыканскую адміністрацыю дамовіцца зь ёю.

Экспэрт зазначае, што Пуцін імкнецца да нейкай невялікай перамогі, якую зможа прадставіць як трыюмф ягонай імпэрскай палітыкі для легітымнасьці свайго рэжыму.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль Граеўскі: На маю думку, Пуцін патрабуе ўзмацніць легітымнасьць свайго рэжыму. Ён ня можа абаперці яе на эканоміку, бо там сытуацыя пагаршаецца. Яму патрэбны трыюмф імпэрскай палітыкі. Ва Ўкраіне за гэта давядзецца заплаціць вялікай крывёю, у Балтыі ёсьць пагроза сутыкненьня з NATO. Беларусь выглядае як лёгка даступны аб'ект.

Ці беларускія ўлады ды Лукашэнка могуць стрымаць гэтую экспансію?

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль Граеўскі: Я думаю, што цяпер Масква займаецца тэставаньнем. Крэмль спрабуе даведацца, у дачыненьні да каго будуць ляяльныя беларускія сілавыя структуры: Лукашэнкі ці Масквы. Іншая справа, якая будзе рэакцыя Захаду? Напрыклад, Расея ня вытрымала б выдаленьня яе з сыстэмы SWIFT за чарговую агрэсію ў Эўропе. Парадаксальна, але калі Лукашэнка зможа праявіць сябе як сымбаль сувэрэнітэту Беларусі, то гэта можа выклікаць пазытыўную рэакцыю Захаду. Ён ужо перастаў бы быць апошнім дыктатарам у Эўропе, а напад на Беларусь мог бы стаць для яго крыніцай рэабілітацыі на Захадзе. Таму Лукашэнка павінен даць Захаду падставу для рэакцыі. Яна магла б быць балючая для Расеі, перад усім эканамічна.

Экспэрт перакананы, што Лукашэнка можа разьлічваць на прыхільнасьць Захаду ў магчымым канфлікце з Маской, алё ён павінен сам пачаць бараніцца.

Размаўляла Лідзія Іванюх/падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт