Logo Polskiego Radia
Print

Новы прэзыдэнт Нямеччыны на цяжкія часы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.02.2017 14:22
Выбар новага прэзыдэнта Нямеччыны прайшоў хутка й эфэктыўна.
PAP/EPA/FILIP SINGER

Ніякіх праблем з вылучэньнем новага кіраўніка нямецкай дзяржавы не магло быць. З 1253 членаў Фэдэральнага Сходу за Франка-Вальтэра Штайнмаера прагаласаваў 931.

61-гадовы Франк-Вальтэр Штайнмаер мае велізарны палітычны вопыт ня толькі ў сфэры дыпляматыі, якою ён двойчы кіраваў ва ўрадах Ангелы Мэркель. У мінулым палітык быў таксама кіраўніком канцылярыі Герхарда Шродэра й адным з галоўных архітэктараў балючага для многіх немцаў праекту дэмантажу сацыяльнай дзяржавы. У 2009 годзе ён быў супернікам Ангелы Мэркель на пасаду кіраўніка ўраду. Дарэчы, тады ягоная партыя СДПГ атрымала 23% галасоў і гэта быў ейны найгоршы вынік у пасьляваеннай гісторыі.

Зь іншага боку, Штайнмаер, як міністар замежных спраў, карыстаўся вялікай падтрымкай і неаднойчы быў самым папулярным нямецкім палітыкам. Гэта падчас ягонага кіраўніцтва ў МЗС быў пабудаваны спрэчны газаправод Nord Stream з Расеі ў Нямеччыну. Нагадаем, другая лінія газаправоду Nord Stream 2 павінна быць здадзеная ў эксплюатацыю да 2019 году, а СДПГ падтрымлівае гэты праект.

Rzeczpospolita” нагадвае, што Штайнмаер заўсёды падтрымліваў цесныя сувязі з Расеяй, але два ягоныя праекты супрацоўніцтва з расейскім бокам атрымалі паразу. Пасьля анэксіі Крыму нямецкі палітык быў прыхільнікам санкцый супраць Расеі. Польшчу ён успрымаў як важнага партнэра, у пэўным сэнсе як элемэнт раўнавагі ў француска-нямецкіх адносінах.

Сябар былога кіраўніка польскай дыпляматыі Радаслава Сікорскага (Radosław Sikorski) публічна не крытыкаваў ураду „Права й справядлівасьці”. Але калі гаворка ідзе пра прыватныя выказваньні па гэтай справе, то бывала па-рознаму.

Выданьне нагадвае, што ў нямецкай палітычнай сыстэме роля прэзыдэнта зводзіцца ў асноўным да ролі прадстаўніка дзяржавы. Тым ня менш, яго голас мае вельмі важнае значэньне ў сытуацыі, калі ў Бундэстагу ўзьнікаюць праблемы са стварэньнем кааліцыі. Гэткая сытуацыя можа паявіцца ўжо ў верасьні, таму што ў выніку выбараў у Бундэстаг можа ўвайсьці рэкордная колькасьць партыяў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт