Logo Polskiego Radia
Print

«У Расеі ўпершыню за доўгія гады ўзьнікае запыт на дэмакратыю»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.02.2017 20:20
  • У Расеі ўпершыню за доўгія гады ўзьнікае запыт на дэмакратыю.mp3
У крызыс усё больш людзей выступае ў абарону сваіх правоў, і іх трэба падтрымаць – кажуць расейскія актывісты Яўгенія Чырыкава і Дзяніс Луцкевч.
Экологическая активистка Евгения Чирикова и бывший узник "Болотного дела" Денис Луцкевич на дискуссии в Варшаве, февраль 2017г. Экологическая активистка Евгения Чирикова и бывший узник "Болотного дела" Денис Луцкевич на дискуссии в Варшаве, февраль 2017г. Aliaksandr Papko/radyjo.net

У Расеі ўпершыню за доўгія гады адраджаецца попыт на дэмакратыю. З-за эканамічнага крызысу расьце колькасьць пратэстаў, грамадзяне вучацца адстойваць свае правы. Пра гэта заявіла ў Варшаве вядомая грамадзкая актывістка Яўгенія Чырыкава. Лідарка руху «Экалягічная абарона Маскоўскай вобласьці» Яўгенія Чырыкава і былы палітвязень Дзяніс Луцкевіч прынялі ўдзел у дыскусіі «Цана пратэсту ў Расеі», якую арганізавала Асацыяцыя «За свабодную Расею». Хто сёньня пратэстуе ў Расеі? Ці прывядуць гэтыя пратэсты да пераменаў у краіне? Пра гэта ў удзельнікаў дыскусіі запытаўся Аляксандар Папко.

Грамадзкае жыцьцё ў Расеі не выглядае як мёртвая пустыня – кажа экалягічная актывістка Яўгенія Чырыкава. У апошнія гады колькасьць простых людзей, якія пачалі аб’ядноўваца й абараняць свае правы, вырасла. Да гэтага прывёў крызыс і неадэкватныя паводзіны расейскіх уладаў.

Яўгенія Чырыкава: Колькасьць грамадзянскіх ініцыятываў і актывістаў расьце. Гэта адбываецца таму, што падаюць цэны на нафту, а наша ўлада, якая прывыкла сытна жыць, усё часьцей залазіць у кішэню грамадзянаў. Людзі вымушаныя супраціўляцца, напрыклад, таму, што ў іх замест парку зьявіўся новы камэрцыйны цэнтар, уводзяцца новыя несправядлівыя падаткі й аплаты. Людзі аб’ядноўваюцца, і гэта вельмі розныя людзі. Гэта і дальнабойшчыкі, якія зьяўляюцца ядзерным электаратам Пуціна, і фэрмэры, і пэнсіянэры ў Карэліі, якія супраціўляюцца вырубцы іх сасновага бору. У актывістаў узьнікае жаданьне ісьці на мясцовыя выбары, таму, што яны разумеюць, навошта гэта патрэбна. У іх зьяўляецца магчымасьць высылаць дэпутацкія запыты, атрымліваць унікальную інфармацыю і быць больш абароненымі. Гэта і ёсьць запыт на дэмакратыю.

Прадпрымальніца Яўгенія Чырыкава далучылася да грамадзкага актывізму ў 2006 годзе, калі яна стала на абарону лесу ў родным горадзе Хімкі. Хутка яна стала адной з самых заўважальных асобаў у расейскай апазыцыі. У 2015 годзе Яўгенія была вымушаная пераехаць з сям’ёй у Эстонію, аднак знаходзячыся за мяжой дапамагае расейцам адстойваць свае правы. Разам з паплечнікамі яна стварыла сайт activatica.org, дзе можна сачыць за трыма сотнямі грамадзкіх кампаніяў, якія праходзяць па ўсёй Расеі.

Сярод гэтых групаў неабыякавых грамадзянаў – пэнсіянэры з карэльскага пасёлку Суны, якія зімой начуюць у палатках, каб абараніць ад высечкі свой бор, і жыхары вёскі Глухаўка на Браншчыне, якія выступаюць супраць закрыцьця адзінай на 40 кілямэтраў школы, і жыхары Пецярбурга, якія не пагаджаюцца з перадачай Ісакіеўскага сабора ў рукі Расейскай праваслаўнай царквы.

/

У Расеі нейкім цудам набірае сілу актыўнасьць звычайных грамадзянаў, але пры гэтым міжнародныя фонды згортваюць падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Расеі, а замежныя журналісты цікавяцца толькі дзеяньнямі Крамля – зазначае Яўгенія Чырыкава. Забывацца пра расейскую грамадзянскую супольнасьць – няправільна, падкрэсьлівае грамадзкая актывістка.

Яўгенія Чырыкава: Трэба разумець, што нашыя грамадзяне атручаныя прапагандай. Ім трэба дапамагчы. Зачыняць дзьверы перад расейскай грамадзянскай супольнасьцю – гэта значыць пакінуць нас на згубу несумленнага бізнэсу, такога, як француская будаўнічая кампанія VINCI, якая адмывае грошы ў інтарэсах алігарха Ратэнбэрга. Такія асобы, як Герхард Шродэр, якіх карумпуе пуцінскі рэжым, не зачыняюць дзьверы перад Расеяй. Можна колькі заўгодна ігнараваць Расею, але гэты карупцыйны спрут ад нас пяройдзе да вас. Перамагчы яго ў адзіночку немагчыма. Трэба дзейнічаць разам.

Нам можна дапамагчы інфармацыяй. Мы, абаронцы Хімкінскага лесу, зрабілі сайт activatica.org. Нам гэта каштавала радзімы, таму што мы вымушаныя былі зьехаць. Бярыце інфармацыю адтуль, карыстайцеся. Гэта будзе вялікае шчасьце для нас. Напішыце пра «сунскіх партызанаў», напішыце пра пратэст супраць Тамінскага горнаўзбагачальнага камбінату, напішыце пра перамогі абаронцаў Сходненскага лесу! Гэта і ёсьць сапраўдная Расея, а не пуцінскія «харугвеносцы», якія маршыруюць за грошы, каторыя Пуцін атрымлівае ад продажу нафты й газу. Што яшчэ можа зрабіць Захад? Перастаць купляць у Пуціна нафту!

Студэнт Дзяніс Луцкевіч – былы палітвязень, які адсядзеў тры з паловай гады за ўдзел у мітынгах на Балотнай плошчы ў Маскве. Цяпер Дзяніс навучаецца ў празе. Разам з сябрамі ён стварыў партал «Роза мира», які займаецца абаронай людзей, якія сталі ахвярай крымінальнага перасьледу.

Рост напружанасьці сапраўды адчуваецца ў расейскім грамадзтве – кажа Дзяніс. Аднак невядома, ці раздражненьне прывядзе да палітычных пераменаў.

Дзяніс Луцкевіч: Сёньня нэгатыў проста пырскае з людзей. Я памятую іншую Маскву – тую, у якой жыў да таго, як мяне арыштавалі. За апошнія гады краіна кардынальна памянялася, аднак гэта здарылася не з-за таго, што людзей саджаюць за свае перакананьні й выказваньне свайго меркаваньня. Большасьць расейцаў ня ведае пра гэта. У першую чаргу настроі зьмяніў эканамічны крызыс.

Нягледзячы на тое, што ў расейскім грамадзтве назіраюцца пазытыўныя зрухі, дэмакратычныя перамены адбудуцца ня скора – прадказвае Яўгенія Чырыкава. Грамадзтва толькі на самым пачатку шляху – лічыць яна.

Яўгенія Чырыкава: Гэты працэс толькі пачынаецца. Ён стартаваў у 2010 годзе. Тады людзі аб’ядноўваліся, каб змагацца з ляснымі пажарамі, прайшлі першыя мітынгі ў абарону Хімкінскага лесу. Цяпер на сайце activatica.org можна паглядзець кропкі, дзе гэты працэс ідзе. І ідзе ён па ўсёй тэрыторыі Расеі. Зразумела, у гэтым працэсе занятыя не 140 мільёнаў, а адзінкі. Аднак не бывае падзеяў, у якіх адразу прымае ўдзел усё насельніцтва. Таму хуткіх пераменаў мы не чакаем, але зьмены ідуць, і яны правільныя. Ствараецца сетка, якую немагчыма перамагчы. Менавіта яна падхопіць краіну ў выпадку дэградацыі рэжыму.

/


Яўгенія Чырыкава згодная з меркаваньнем расейскага сацыёляга Льва Гудкова, які лічыць, што перамены ў Расеі пройдуць на працягу двух пакаленьняў. У тое, што ў краіне абыдзецца «палацавы пераварот» ці вулічная рэвалюцыя, грамадзкая актывістка моцна сумняваецца.

Магчыма, павольная зьмена расейскага грамадзтва на працягу двух дзесяткаў гадоў – гэта не самы горшы варыянт. Хуткі злом палітычнай сыстэмы ў Расеі заўсёды прыводзіў крывавых канфліктаў – нагадвае Яўгенія Чырыкава. «Хуткія перамены добрымі не бываюць. Усё добрае расьце доўга», – падсумоўвае грамадзкая актывістка.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт