Logo Polskiego Radia
Print

Гісторыя: як даваенная Польшча разьвівала прамысловасьць (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.03.2017 12:23
  • COP.mp3
Цэнтральны індустрыяльны рэгіён – адзін з найбуйнейшых эканамічных праектаў Другой Рэчы Паспалітай.
Прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі (у цэнтры) наведвае адно з прадпрыемстваў Цэнтральнага індуструяльнага рэгіёну, май 1938 годуПрэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі (у цэнтры) наведвае адно з прадпрыемстваў Цэнтральнага індуструяльнага рэгіёну, май 1938 годуNarodowe Archiwum Cyfrowe

Сёньня ў гістарычнай рубрыцы чарговая старонка гісторыі міжваеннай Польшчы. Цэнтральны індустрыяльны рэгіён (Centralny Okręg Przemysłowy) быў адным з буйнейшых праектаў міжваеннай польскай дзяржавы, побач з будовай партовага гораду Гдыня й разьвіцьцём прамысловасьці. На жаль, індустрыяльным плянам Варшавы перашкодзіла вайна.

Цэнтральны індустрыяльны рэгіён – гэта прамысловы рэгіён у Польшчы, адзін з найбуйнейшых эканамічных праектаў Другой Рэчы Паспалітай. Пяцігадовы праект ініцыяваў знакаміты польскі эканаміст, намесьнік прэмʼер-міністра й міністар фінансаў Эўгеніюш Квяткоўскі. Дарэчы, постаці вядомага палітыка й эканаміста нейкі час таму мы прысьвяцілі адну з рубрык «Машыны часу». Нагадаю, што менавіта Квяткоўскі быў ініцыятарам і галоўным рэалізатарам узьвядзеньня Гдыні – у міжваенны пэрыяд адзінага польскага марскога порту. Пры гэтым яго кампэтэнцыі й прафэсіяналізм былі настолькі шырокімі, што пасьля вайны Эўгеніюш Квяткоўскі паступіў на службу ўлад ПНР і заняўся падняцьцем з руін зьнішчанай краіны.

Эўгеніюш
Эўгеніюш Квяткоўскі другі зьлева, 1937 год

Мэтай Цэнтральнага індустрыяльнага рэгіёну было стварыць буйны прамысловы цэнтар пасярод краіны, па меры магчымасьці як далей ад усялякіх межаў, перш за ўсё ад мяжы зь гітлераўскай Нямеччынай і Савецкім Саюзам, узмацняючы польскую эканоміку й скарачаючы беспрацоўе. Чатырохгадовы плян па разьвіцьцю праекту быў зацьверджаны 1 верасьня 1936 года. Дарэчы, праект рэгіёну быў адноўлены і ў шырокім маштабе рэалізаваны Польскай Народнай Рэспублікай.

Рэгіён ствараўся ў частках Львоўскага, Кракаўскага, Люблінскага й Келецкага ваяводзтваў, на 15% тэрыторыі даваеннай Польшчы, на якой пражывала 6 млн чалавек. Да верасьня 1939 году, калі Гітлер напаў на Польшчу, у рамках праекту было пабудавана 51 прадпрыемства й створана 110 тыс. працоўных месцаў. Нефармальным адміністрацыйным цэнтрам Цэнтральнага індустрыяльнага рэгіёну быў горад Сандомеж у Келецкім ваяводзтве. Для параўнаньня: да рэалізацыі праекту ў горадзе пражывала 8 тыс. чалавек, а ў 1939 – ажно 13 тыс.

Даваенная
Даваенная Польшча/commons.wikimedia.org/GNU Free Documentation License

Сярод прадпрыемстваў, якія былі пабудаваныя да 1939 году, былі мэталюргічныя заводы, прадпрыемствы машынабудаваньня, завод сынтэтычнага каўчуку, цэлюлёзная фабрыка, якая выпускала цэлюлёзу ня толькі для вытворчасьці паперы, але й пораху. Акрамя таго, пабудаваныя хімічныя прадпрыемствы, аўтамабільны завод у Любліне, які выпускаў грузавыя машыны па ліцэнзіі кампаніі «Шэўрале», а таксама некалькі прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу.

Хімічны
Хімічны завод "Azoty" у горадзе Тарнаў/Narodowe Archiwum Cyfrowe

Сярод іх – завод «Сталёва Воля», на якім выпускалі гаўбіцы па ліцэнзіі кампаніі «Шкода» калібрам 100 мм. Заводы ў гарадах Старахавіцэ й Радам рабілі зброю ды амуніцыю, у Жэшаве – авіяцыйныя рухавікі. А вось у горадзе Мелец каля Любліна пачаў працу Дзяржаўны авіяцыйны завод. Спачатку яго вырабы не былі найлепшымі ў тэхнічным і якасным пляне, аднак перад самым пачаткам вайны на прадпрыемстве распрацавалі й пачалі выпускаць сярэдні бамбардзіроўшчык «Лось» і лёгкі бамбардзіроўшчык і самалёт-разьведчык «Карась», якія ў той час не адставалі ад сусьветных аналягаў. Увогуле, Польшча хацела быць як мага незалежнай у вытворчасьці ваеннай тэхнікі, зброі й амуніцыі, і таму разьвівала свой ВПК.

Акрамя таго, стваралася інфраструктура рэгіёну, у прыватнасьці, было пабудавана некалькі гідраэлектрастанцый, 300 км газаправоду ды сотні кілямэтраў чыгуначных і аўтамабільных шляхоў.

Рэпліка
Рэпліка бамбардзіроўшчыка "Лось", стораная ў 2012 годзе/youtube.com/screen


На жаль, у разьвіцьці індустрыялізацыі Польшчы й пераўтварэньні краіны зь сельскагаспадарчай у прамысловую перашкодзіла вайна. Пра значэньне й важнасьць Цэнтральнага індустрыяльнага рэгіёну сьведчыць хоць бы той факт, што яго рэалізацыю прадоўжылі ўлады ПНР.

Валеры Саўко

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт