Logo Polskiego Radia
Print

Канфіскацыя злачыннай маёмасьці - нялёгкая задача

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.03.2017 15:32
Польскі ўрад разьлічвае, што ўдасца атрымаць значны прыбытак у бюджэт дзякуючы новым законам.
www.pixabay.com

Неўзабаве ў Польшчы пачне дзейнічаць права, якое дазволіць канфіскаваць маёмасьць злачынцаў. Гэта закон аб так званай пашыранай канфіскацыі – нагадвае «Dziennik Gazeta Prawna». Польскі ўрад разьлічвае, што ўдасца атрымаць значны прыбытак у бюджэт дзякуючы канфіскацыі злачыннай маёмасьці. У той жа час іншыя краіны, у тым ліку Вялікабрытанія ды Італія, якіх аўтары законапраекту лічаць узорам, абмяркоўваюць, ці такі закон агулам мае сэнс і ці ня трэба нешта мяняць. Аказваецца, што фактычная канфіскацыя злачыннай маёмасьці – гэта каштоўная і нялёгкая апэрацыя.

Напрыклад, у Вялікабрытаніі з кожных ста фунтаў, якія паходзілі са злачыннай дзейнасьці, удалося вярнуць у бюджэт толькі 26 пэнсаў. Згодна дадзеным, сабраным пад канец 2015 году, крымінальнікі павінны былі аддаць брытанскай дзяржаве звыш 1,6 млрд. фунтаў. За два гады дзяржаўным службам удалося спагнаць толькі 155 млн. фунтаў, але пры гэтым адны адміністрацыйныя кошты гэтай апэрацыі склалі больш за 100 млн., і таму цяпер брытанскі ўрад працуе над увядзеньнем паправак і дапаўненьняў у закон.

Больш эфэктыўна падобнае права дзейнічае ў Італіі. За 30 гадоў існаваньня ў гэтай краіне адпаведных законаў, удалося адабраць у розных гангаў каля 3 тыс. прадпрыемстваў, 12 тыс. аб’ектаў нерухомай маёмасьці і каля 2 млрд. эўра з банкаўскіх рахункаў. Але сапраўдны галаўны боль выклікае ў судзьдзяў і чыноўнікаў ня тое, як адабраць, а тое, што пазьней з гэтай маёмасьцю зрабіць. Напрыклад, многія прадпрыемствы, калі ўжо перайшлі ў дзяржаўныя рукі, проста збанкрутавалі, паколькі немагчыма было ўтрымаць ранейшы злачынны стыль кіраваньня, а іншы не спрацоўваў.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт