Logo Polskiego Radia
Print

Ці ўлады прымусяць беларускіх журналістаў «уключыць» аўтацэнзуру?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.03.2017 18:56
  • Ці ўлады прымусіць беларускіх журналістаў уключыць аўтацэнзуру.mp3
Папярэджаньні Мінінфарму атрымалі TUT.BY і «Наша Ніва», паўторнае папярэджаньне прывядзе да закрыцьця выданьняў.
Пратэст супраць Дэкрэту № 3 ў Менску. Кадр з відэатрансьляцыі парталу TUT.BYПратэст супраць Дэкрэту № 3 ў Менску. Кадр з відэатрансьляцыі парталу TUT.BYYouTube/screen/tut.by

Газэта «Наша Ніва» атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі Беларусі. Нядаўна такое ж пакараньне спасьцігла самы вялікі інфармацыйны партал Беларусі TUT.BY. Калі выданьне атрымае другое папярэджаньне, то яно будзе зачыненае. Экспэрты зьвязваюць пагрозы Міністэрства інфармацыі з асьвятленьнем журналістамі акцыяў «недармаедаў». Ці дзеяньні Мінінфарму прымусяць журналістаў «уключыць» аўтацэнзуру й адмовіцца ад асьвятленьня сацыяльных пратэстаў? Пра гэта ў журналістаў і экспэртаў пытаўся Аляксандар Папко.

21 сакавіка рэдакцыя газэты «Наша Ніва» атрымала ад Мінінфарму ліст з афіцыйным папярэджаньнем за «распаўсюд інфармацыі, здольнай нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі». Падставай для папярэджаньня сталі 8 камэнтароў пад артыкуламі на сайце газэты. Гэта выказваньні пад рознымі артыкуламі, але аб’ядноўвае іх адно: крытыка сацыяльна-эканамічнага становішча ў Беларусі й заклікі выходзіць на акцыі пратэсту – пракамэнтаваў намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.

Журналіст зьвярнуў увагу на тое, што папярэджаньне папулярнай беларускай газэце было вынесена з той самай датай і з той самай фармулёўкай, што і парталу TUT.BY. Да гэтага «Наша Ніва» не атрымлівала папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі ажно 6 гадоў.

Газэта будзе працаваць так, як і раней. Папярэджаньне не прымусіць журналістаў увесьці аўтацэнзуру – запэўніў Андрэй Дынько. Пры гэтым ён заклікаў чытачоў устрымацца ад эмоцыяў у камэнтарах да артыкулаў.

Андрэй Дынько: Мы кіраваліся і будзе кіравацца законам. Таксама ў нас ёсьць свае журналісцкія стандарты, выпрацаваныя на падставе эўрапейскага досьведу. Што тычыцца камэнтароў пад артыкуламі – то сытуацыя ў Беларусі характарызуецца надзвычай высокай сацыяльна-палітычнай напружанасьцю. Людзі раззлаваныя. Рэдагаваць гэтыя камэнтары складана фізычна, бо іх нам прыходзіць за дзень каля паўтары тысячы. Таксама трэба, каб людзі сёньня не паддаваліся эмоцыям. Галоўнае – каб дзейнічалі незалежныя СМІ, і ніякія правакацыі ім не пашкодзілі.

Ведамства Лілі Ананіч вынесла папярэджаньні «Нашай Ніве» й парталу TUT.BY, каб тыя перасталі актыўна асьвятляць акцыі пратэсту супраць пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі – перакананы старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: Відавочна, што гэтыя папярэджаньні Мінінфарму зьвязаныя з асьвятленьнем масавых акцыяў. Яны маюць «прэвэнтыўны» характар, каб СМІ ўводзілі самацэнзуру. Аднак зазначу, што і «Наша Ніва», і TUT.BY працягваюць працаваць у звычайным парадку. Запалохваньні на іх не падзейнічалі.

Папярэджаньні наўрад ці прымусяць незалежныя беларускія СМІ стаць больш «асьцярожнымі ў выказваньнях» – перакананы палітычны аглядальнік парталу TUT.BY Арцём Шрайбман. Беларускае грамадзтва электрызуецца, і СМІ проста ня могуць не адлюстроўваць гэтай тэндэнцыі.

Арцём Шрайбман: Зараз у краіне разгортваюцца палітычныя працэсы, якія электрызуюць і грамадзтва, і масмэдыя. СМІ актывізуюцца, праводзяць стрымы з акцыяў. І журналісты, і чытачы праяўляюць усё большую ўвагу да палітычных навінаў і палітычнай аналітыкі. Мне падаецца, што гэты трэнд нашмат мацнейшы, чым спробы дзяржавы «трымаць журналістаў у межах».

У сытуацыі, калі зарэгістраваныя ў Беларусі СМІ аказаліся пад ударам жорсткага беларускага заканадаўства, ці больш свабодна будуць паводзіць сябе журналісты беларускамоўных масмэдыя, якія вяшчаюць з замежжа? І так, і не – кажа кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. На рэдакцыю, разьмешчаную за мяжой, беларускія ўлады ціснуць ня могуць, але яны могуць штрафаваць і запалохваць журналістаў, якія працуюць у Беларусі.

Аляксей Дзікавіцкі: Трэба адрозьніваць працу журналістаў у Варшаве й Беларусі. Мы вельмі перажываем, што супраць нашых калегаў у Беларусі могуць быць ужытыя моцныя рэпрэсіі. І мы будзем усяляк бараніць нашых супрацоўнікаў. Спэктар рэпрэсіяў, які могуць выкарыстаць улады – вельмі шырокі. Напрыклад, нашай супрацоўніцы Ларысе Шчыраковай наўпрост пагражаюць тым, што пазбавяць яе бацькоўскіх правоў, калі яна ня спыніць сваю журналісцкую дзейнасьць. Аднак мы гатовыя да працы ў самых цяжкіх умовах. І мы такія ўмовы ўжо перажывалі ня раз.

Улады пакуль не ставяць сабе за мэту загнаць незалежныя СМІ ў падпольле – лічыць кіраўнік аналітычных праектаў інфармагенцтва БелаПАН Аляксандар Класкоўскі. Буйнамаштабныя рэпрэсіі супраць журналістаў пакладуць крэс нармалізацыі адносінаў з Захадам і пазбавяць самі ўлады інфармацыі аб тым, што адбываецца ў грамадзтве – кажа экспэрт.

Аляксандар Класкоўскі: Улады не ідуць на маштабныя рэпрэсіі з двух прычынаў: яны ня хочуць занадта раздражняць Захад, а таксама хочуць мець зваротную сувязь. У Беларусі няма нармальнай сацыялёгіі. Спэцслужбы таксама могуць даваць не зусім адэкватныя дадзеныя. Таму высокае кіраўніцтва зацікаўленае мець недзяржаўную прэсу. Гэта зваротная сувязь у нашым каралеўстве крывых люстэркаў.

Пры ўсім пры гэтым трэба канстатаваць, што пэрыяд «адлігі» ў стасунках беларускіх уладаў з грамадзтвам і СМІ скончыўся, таму незалежным журналістам у Беларусі будзе працаваць цяжэй – прадбачыць Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт