Logo Polskiego Radia
Print

Бежанцы з Сырыі не жадаюць пасяляцца ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.03.2017 13:26
Такім чынам бежанцы аказваюцца на самой справе эканамічнымі эмігрантамі.
HonestReporting/flickr.com

Сырыйцы, якіх запрасіла калісьці ў Польшчу фундацыя «Эстэра», патрабуюць пазбавіць іх статусу ўцекача, прысвоенага ў польскай дзяржаве – піша «Rzeczpospolita». Гэтая нерацыянальная просьба на самой справе мае рацыянальныя падставы. Польскі статус уцекача ўскладняе сырыйцам жыцьцё ў іншых краінах ЭЗ.

Сырыйцы прыбылі ў Польшчу амаль два гады таму. Некаторыя зь іх адразу выехалі ў Нямеччыну, не чакаючы нават атрыманьня статусу ўцекача. Аднак статус атрымалі ў Польшчы завочна. Цяпер яны ня могуць атрымліваць нямецкую сацыяльную дапамогу, таму патрабуюць зьняць з іх званьне ўцекача ў Польшчы. Яны баяцца, што ім прыйдзецца вярнуцца ў Польшчу, дзе яны не хацелі бы пасяліцца.

Фундацыя «Эстэра» запрасіла ў Польшчу 50 сырыйскіх сем’яў. Такім чынам польскі ўрад памагаў сырыйскім хрысьціянам, якія пакутавалі ад перасьледу з боку мусульман. Старшыня фундацыі Мірыям Шадэд казала, што сырыйцы пройдуць паскораны курс асыміляцыі – яны атрымалі ўрокі польскай мовы, жыльлё, харчаваньне.

Ліст у польскае Ўпраўленьне па справах уцекачоў з просьбай пазбавіць іх статусу бежанцаў напісалі чальцы сям’і К. Яны прызнаюць, што ў іх не было намеру падаваць заяву на статус уцекача ў Польшчы, але іх пераканалі гэта зрабіць. Яны выехалі з Польшчы і хацелі атрымаць статус уцекача за мяжой, але цяпер гэта немагчыма. Яны тлумачаць, што ў Польшчы ня хочуць жыць, паколькі трэба вывучаць мову, зарплаты нізкія, а жыхары адмоўна ставяцца да замежнікаў.

Такім чынам бежанцы, якія быццам бы ўцякаюць ад вайны і голаду, аказваюцца на самой справе эканамічнымі эмігрантамі, калі яны самі сабе выбіраюць краіну, дзе хочуць жыць. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з Польшчы на Захад зьехалі ўжо ўсе сырыйцы, запрошаныя фундацыяй «Эстэра».

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт