Logo Polskiego Radia
Print

У Эўропе зьмяншаецца колькасьць ахвяр ДТЗ, у Польшчы - расьце

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.03.2017 14:17
Польская дзяржава здаўна знаходзіцца ў групе краін з самымі небясьпечнымі дарогамі ў Эўропе.
Foto: pixabay.com

Летась у краінах Эўрапейскага Зьвязу зьменшылася колькасьць сьмяротных ахвяр дарожна-транспартных здарэньняў – на 2%. Аднак у Польшчы лічба ахвяр ДТЗ вырасла – таксама на 2%, – паведамляе «Gazeta Wyborcza».

Польская дзяржава здаўна знаходзіцца ў групе краін з самымі небясьпечнымі дарогамі ў Эўропе. Але мінулы год быў першым за дэкаду, калі лічба ахвяр вырасла. На адзін мільён жыхароў загінула 79 чалавек. Горш было толькі на дарогах Баўгарыі, Румыніі і Латвіі. Пры гэтым у іншых дзяржавах бясьпеку ўдаецца палепшыць, а ў Польшчы статыстыкі пагаршаюцца.

У чым прычына такога стану рэчаў? На першым месцы – ліхацтва кіроўцаў, якія любяць хутка езьдзіць, але пры гэтым ім не хапае ведаў, вопыту і позірку наперад. З дарогаў зьніклі фотарадары, паколькі Сэйм адабраў права ставіць радары ў гарадзкой варты і гмінных уладаў.

Чарговая праблема – слабая якасьць дарог і малая колькасьць хуткасных трас. За апошнія гады ў краіне збудавана каля 3 тыс. кілямэтраў хуткасных дарог, але да стандартаў ЭЗ яшчэ далёка. Акрамя таго, большасьць аўтамабіляў у Польшчы – гэта старыя машыны. Кожны год у краіну прыганяюць каля аднаго мільёна старых машын з заходняй Эўропы. Гэта рэкорд у сусьветных статыстыках. Таму ўрад намераны рэзка падняць акцыз на старыя аўтамабілі, але законапраект заляжаўся ў Сэйме.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт