Logo Polskiego Radia
Print

Спыніць прапагандысцкую машыну Крамля лягчэй, чым падаецца

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.03.2017 15:55
  • Спыніць прапагандысцкую машыну Крамля лягчэй, чым падаецца.mp3
Пра простыя й эфэктыўныя мэтады супрацьдзеяньня дэзінфармацыі расказалі ў Варшаве вядучыя мэдыяэкспэрты рэгіёну.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Эўрапейская прэса ў апошнія гады шмат піша пра тое, як крамлёўскія «фабрыкі троляў», сэнсацыйныя сайты і тэлеканалы стараюцца распаліць міжнацыянальныя канфлікты ў Эўропе, а таксама падарваць давер да Эўразьвязу й NATO. Пра неабходнасьць супрацьдзеяньня крамлёўскай дэзінфармацыі неаднаразова заяўлялі палітыкі краінаў Эўразьвязу. Ці магчыма змагацца супраць прапаганды нянавісьці, не парушаючы прынцыпаў свабоды слова? Такія магчымасьці ёсьць – заяўляюць удзельнікі канфэрэнцыі «Расейскія рэсурсы ў рэгіёне Трох мораў і іх выкарыстаньне ў інфармацыйных войнах». На дыскусіі, якая прайшла ў Акадэміі вайсковых навук у Варшаве, пабываў Аляксандар Папко.

Крамлёўская мэдыямашына працуе ня толькі ў «бліжнім замежжы» Расеі, але і ў Цэнтральнай ды Заходняй Эўропе. Ставіцца да яе трэба вельмі сур’ёзна – кажа арганізатар канфэрэнцыі, кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў постсавецкай прасторы пры польскай Акадэміі вайсковых навук палітоляг Ежы Таргальскі. Расейскае кіраўніцтва надае інфармацыйнай вайне нават больш увагі, чым узмацненьню арміі – кажа экспэрт.

/

Ежы Таргальскі: Расейцы надаюць большае значэньне інфармацыйнай вайне і ўкладаюць у яе больш сродкаў, чым у падрыхтоўку да ваенных дзеяньняў. Прычына простая – гэта нашмат больш эфэктыўна. Польшча павінна перастаць быць тэрыторыяй, на якой свабодна дзейнічаюць крамлёўскія агенты ўплыву. Думаю, канфэрэнцыя стане першым крокам у гэтым накірунку.

Кантраляваныя крамлём СМІ актыўна пераконваюць жыхароў краінаў Балтыі ў тым, што ў іх дзяржавах «адраджаецца фашызм», Эўразьвяз хутка распадзецца, NATO ўступіць у вайну з Расеяй, але пры гэтым ня будзе бараніць балтыйскіх рэспублікаў. Асноўныя пасланьні пракрамлёўскіх мэдыярэсурсаў краінах Балтыі прадставіў сябра радыётэлевізійнай камісіі Летувы Мантас Марцішус.

Найбуйнейшыя расейскія тэлеканалы распавядаюць пра «укрыжаваных украінцамі хлопчыках», а ўдзельнікі папулярных расейскіх ток-шоў заклікаюць «бамбіць Кіеў і Варшаву» й «дайсьці да Бэрліна». Насамрэч змагацца з прапагандай нянавісьці можна звычайнымі юрыдычнымі мэтадамі. І яны вельмі эфэктыўныя – кажа Мантас Марцішус.

/

Мантас Марцішус: У перадачах некалькіх цэнтральных расейскіх каналаў мы заўважылі прапаганду нянавісьці. Гэта парушэньне нормаў Эўрапейскага зьвязу. У выніку вяшчаньне гэтых тэлеканалаў у Летуве было прыпынена на некалькі месяцаў. Гэты перарыў прывёў да таго, што папулярнасьць расейскіх каналаў зьнізілася з 15% аўдыторыі да 5%. Паралельна мы пашырылі вяшчаньне летувіскіх СМІ на расейскай мове, а таксама іншых расейскамоўных масмэдыя, такіх як Радыё «Свабода». Такім чынам, юрыдычная забарона працуе. Аднак трэба ня толькі забараняць, але й прапанаваць альтэрнатыву.

Расейскія прапагандысты выкарыстоўваюць немаральныя мэтады, а эўрапейскія ўрады павінныя змагацца зь імі, застаючыся ў рамках маралі і закону. Як перамагчы прапаганду, не ўжываючы мэтадаў праціўніка? Адказ дае Вільяр Вээбэл з нацыянальнай акадэміі абароны Эстоніі.

/

Вільяр Вээбэл: Расейскія фірмы, якія займаюцца інфармацыйнай вайной, па-ранейшаму маюць рахункі ў нашых банках. Мы можам іх замарозіць – да таго моманту, пакуль ня высьветлім, чым яны займаюцца. Мы павінныя адрэгуляваць мэдыярынак, каб зрабіць правакацыі немагчымымі. Мы павінныя больш пільна кантраляваць сацыяльныя сеткі, расейскія інфармацыйныя рэсурсы ў Эўразьвязе. Цяпер гаворыцца, што мы ня можам іх абмяжоўваць і штрафаваць, бо на гэта няма юрыдычных мэханізмаў. Гэта няпраўда. На сваёй тэрыторыі юрыдычна мы можам усё, бо яны прадстаўляюць пагрозу нашай нацыянальнай бясьпецы.

Урады краінаў, якія сутыкнуліся з дэзінфармацыяй, павінныя перш за ўсё спраўдзіць, наколькі дзейнасьць замежных прапагандысцкіх СМІ адпавядае нацыянальнаму заканадаўству, у прыватнасьці выдадзеным ліцэнзіям. Акрамя таго, трэба вывесьці на дзённае сьвятло журналістаў, якія вырабляюць фэйкавыя навіны й распальваюць канфлікты – раіць стваральнік вядомага парталу StopFake.org, выкладчык Кіева-Магілянскай акадэміі Яўген Федчанка.

/

Яўген Федчанка: Мы павінныя пайменна называць і прысаромліваць так званых журналістаў, якія займаюцца прапагандай нянавісьці й правакацыямі, а таксама назваць пайменна цэлыя мэдыяарганізацыі, якія робяць гэта. Мне вельмі падабаецца новая палітыка Фэйсбука, які адсочвае мэдыярэурсы і ўказвае, што тая ці іншая крыніца ня вартая даверу. Я таксама падтрымліваю ідэю ўводзіць пэрсанальныя санкцыі супраць ключавых журналістаў і мэнэджэраў СМІ, якія ўдзельнічаюць у інфармацыйнай вайне. Супраць іх трэба ўводзіць абмежаваньні, бо яны прапагандуюць нянавісьць і распальваюць ваенныя канфлікты. Гэта дзеяньні, за якія прадугледжваюцца міжнародныя санкцыі.

Такім чынам, як Эўрапейскі зьвяз, так і кожная краіна паасобку мае эфэктыўныя юрыдычныя сродкі, каб спыніць прапаганду нянавісьці і дэзінфармацыю. Штраф і публічнае асуджэньне, а ў крайніх выпадках – прыпыненьне вяшчаньня нашмат больш дзейсныя інструмэнты, чым простае выкрыцьцё мэдыяфальсіфікацыяў. Адзінае, чаго ўрадам эўрапейскіх краінаў пакуль бракуе – гэта палітычнай волі, каб адсочваць выпадкі дэзінфармацыі ды караць тых, хто яе распаўсюджвае, падкрэсьліваюць удзельнікі канфэрэнцыі.

/

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт