Logo Polskiego Radia
Print

Зарын зноў забівае людзей у Сірыі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.04.2017 12:59
Рэжым Башара Асада зноў прымяніў хімічную зброю. Як на гэта адрэагуе Захад?
EPA/STRINGER

Больш за сто чалавек былі забітыя ў Сірыі ў выніку газавай атакі – піша сёньняшняя Gazeta Wyborcza. Авіяцыя Асада скінула на горад Хан Шайхун бомбы, начыненыя зарынам – баявым газам нэрвова-паралітычнага дзеяньня. На відэа, атрыманым з горада ў заходняй Сірыі, бачна, што ахвяры газавай атакі задыхаюцца, іх вочы не рэагуюць на сьвятло, у некаторых з вуснаў ідзе пена. Сярод загінулых ад зарыну многа дзяцей.

Гэта далёка ня першы раз, калі войскі Асада выкарыстоўваюць баявы газ. 21 жніўня 2013 году бомбы з зарынам былі скінутыя на мястэчка Гута на прадмесьцях Дамаску. Тады ад зброі масавага паражэньня загінулі больш за 1700 чалавек.

Пасьля таго, як войскі Башара Асада ўзялі горад Алепа, тэатар актыўных баявых дзеняьняў перамясьціўся ў заходнесірыйскую правінцыю Ідліб, кантраляваную умеркаванай сьвецкай апазыцыяй. Выкарыстаньне баявога газу – гэта спосаб дэмаралізаваць абаронцаў і зламаць супраціў – лічаць экспэрты.

Газавую атаку, учыненую авіяцыяй сірыйскага рэжыму, ужо асудзілі ўлады Францыі, Вялікабрытаніі ды Турцыі. Рэакцыі ЗША пакуль няма. Аднак экспэрты сумняюцца, што выкарыстаньне Асадам зброі масавага паражэньня выкліча нешта па-за звычайным асуджэньнем з боку Захаду. У 2013 годзе прэзыдэнт ЗША ўжо заяўляў, што выкарыстаньне баявых газаў – гэта «чырвоная лінія», пасьля перасячэньня якой пачнецца міратворчая апэрацыя. Аднаr войскаў у Сірыю Захад так і ня ўвёў. Асад абавязаўся зьнішчыць арсэнал хімічнай зброі, а арганізацыя, якая кантралявала працэс утылізацыі нават атрымала Нобэлеўскую прэмію міру. Газавая атака ў Хан Шайхуне, а таксама ранейшыя выпадкі прымяненьня хімічнай зброі даказваюць, што Асад зьнішчыў далёка ня ўвесь свой атрутны арсэнал.

Gazeta Wyborcza/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт