Logo Polskiego Radia
Print

Шмат падлеткаў у Польшчы незадаволеныя сваім выглядам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.04.2017 17:28
  • полькі.mp3
Маладыя жанчыны часта беспадстаўна бачаць сябе тоўстымі і брыдкімі.
www.pixaby.com

У многіх краінах сьвету, у тым ліку ў Беларусі, існуе шырока распаўсюджанае перакананьне, што полькі – прыгожыя жанчыны, якія ўмеюць клапаціцца пра свой выгляд. Аднак цікава тое, што самі жыхаркі Польшчы, прынамсі вялікая іх частка, не падзяляюць гэтай думкі. Згодна з праведзеным нядаўна апытаньнем, толькі адна пятая жанчын у краіне задаволеная сваім выглядам.

Праблема датычыць ня толькі дарослых жанчын, але таксама, а можа нават перш за ўсё, вельмі маладых дзеўчын, падлеткаў. Канешне, у маладым узросьце многія жанчыны акцэнтуюць увагу на сваіх заганах, але ў Польшчы гэта выключна шырокая зьява. З дасьледаваньняў, праведзеных у некалькіх дзесятках краін сьвету, вынікае, што польскія падлеткі знаходзяцца на першым месцы, яны часьцей за іншых адчуваюць сябе тоўстымі і непрыгожымі.

Журналістка камэрцыйнага тэлебачаньня TVN Брыгіда Грысяк зьняла нядаўна рэпартаж, прысьвечаны маладым жанчынам, падлеткам, як яны самі сябе бачаць. Аказалася, што на першы погляд усе сабе падабаюцца, але, калі пытаць далей, то жанчыны заўважаюць шмат уласных заганаў.

Б. Грысяк: Калі пытаеш: ці ты сабе падабаесься, то практычна ўсе адказваюць «так», але калі пачынаеш задаваць больш падрабязныя пытаньні, то аказваецца, напрыклад, што амаль ніхто не выходзіць з дому без макіяжу. А гэта дзеўчыны ва ўзросьце 14-15 гг. Прыгожая дзяўчына гаворыць мне, што яна брыдкая і тоўстая, а калі мама пераконвае яе, што яна добра выглядае, то яна маме ня верыць. Зразумела, падлеткі заўсёды крытычна ставіліся да свайго цела, але статыстыкі пагаршаюцца. Апытаньні былі праведзеныя ў 42 краінах сьвету, з іх вынікае, што нашы падлеткі адчуваюць сябе самымі брыдкімі і тоўстымі. Палова з іх ня мае праблем з празьмернай вагай, але гавораць, што яны тоўстыя.

Тэматыкай дасьледаваньняў на самой справе быў здаровы лад жыцьця і рацыянальнае харчаваньне школьнікаў. Але пры нагодзе аўтары задаюць шмат пабочных пытаньняў, якія дазваляюць шырэй зірнуць на жыцьцё маладых людзей. Аказваецца, што яны ня толькі незадаволеныя ў вялікай ступені сваім выглядам, але таксама хацелі б нешта зьмяніць агулам у сваім жыцьці.

Б. Грысяк: Гэтыя падлеткі ўсё часьцей гадуюцца ў разьбітых сем’ях. Гэтыя ж падлеткі незадаволеныя адносінамі са сваімі блізкімі, яны не сядаюць з маці, бацькам за стол, каб паабедаць, павячэраць. Яны ўсё раней пачынаюць займацца сэксам, дзяўчынкі раней, чым хлопцы. Я размаўляла з аўтаркай дасьледаваньняў, лекарам Аннай Дзерскай. Якая сказала мне, што дзеўчыны ўсё часьцей п’юць алькаголь, кураць цыгарэты, ужываюць наркотыкі - значна часьцей, чым хлопцы ў гэтым жа ўзросьце.

Псыхолягі згодныя, што вялікі ўплыў на тое, як жанчыны, асабліва маладыя, бачаць сваё цела, маюць сродкі масавай інфармацыі і сацсеткі. Усюды ў рэклямах, па тэлебачаньні, у часопісах нас акружаюць цудоўныя, прыгожыя, як правіла вельмі грацыёзныя жанчыны, часта на іх тварах няма аніводнай маршчынкі. Ідэальныя целы. Канешне, усе мы ведаем, што гэты сьвет на самой справе не існуе, што здымкі папраўляюць, упрыгожваюць адмысловыя праграмы, але і так вельмі цяжка зусім не паддацца гэтаму ўплыву, асабліва падлеткам, якія агулам вельмі крытычна ставяцца да сьвету. Акрамя таго, у Польшчы назіраецца вельмі моцная сувязь паміж маткамі ды іх дочкамі, яна часта мацнейшая, чым у іншых краінах. І калі маці мае нейкія комплексы, датычныя яе зьнешняга выгляду, то яна хутчэй за ўсё перадасьць гэтыя комплексы сваёй дачцэ, нават калі нічога ня будзе казаць на тэму яе зьнешнасьці, ня будзе крытыкаваць. Яшчэ горш можа ўплываць, зразумела, крытыка або поўная адсутнасьць размоваў у жыцьці сям’і, калі кожны жыве сам па сабе. У заходнім сьвеце, калі бацькі занятыя ў вялікай ступені ўласнай кар’ерай і сваім жыцьцём, гэта здараецца нярэдка.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт