Logo Polskiego Radia
Print

Надоечы сталі вядомыя дадзеныя на тэму насільля ў школах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.05.2017 13:30
Дадзеныя на тэму насільля паявіліся ў той жа час, што і паведамленьне пра зьбіцьцё вучаніцы ў Гданьску.
www.pixabay.com

Польская моладзь часьцей сустракаецца з насільлем у школах, чым яе равесьнікі ў іншых краінах Эўропы – піша «Gazeta Wyborcza». Выданьне прыгадвае нядаўняе здарэньне ў Гданьску, якое было зьнятае на мабільны тэлефон. На інтэрнэт-форумах многія камэнтатары мяркуюць, што праблемы зьнікнуць, калі ў верасьні перастануць існаваць гімназіі.

Якраз надоечы сталі вядомыя дадзеныя на тэму насільля ў школах. Гэта міжнародны даклад PISA, згодна якому, у польскіх школах вучні часьцей сустракаюцца з насільлем, чым у іншых краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. Больш за адну пятую польскіх гімназістаў прызналася, што цягам апошняга месяца перад анкетаваньнем яны сталі ахвярай насільля.

Міністар адукацыі Анна Залеўска кажа, што робіць усё магчымае, каб у школе было бясьпечна. Але ў Кодэксе аб адукацыі цяпер няма мэханізмаў, якія гарантавалі б меншыя клясы або вучобу на адну зьмену. Менавіта тады была б магчымасьць сачыць за агрэсіяй вучняў. А ў выніку ліквідацыі гімназій у пачатковых школах паявяцца сёмыя і восьмыя клясы, адпаведна, будуць горшыя ўмовы навучаньня, вучоба ў дзьве зьмены. Дарэчы, іншыя дасьледаваньні сьведчылі аб тым, што насільле часьцей мае месца ў пачатковых школах, а не гімназіях.

«Niezalezna.pl» таксама піша пра падзеі ў Гданьску, дзе дзяўчыны пабілі сваю равесьніцу. Але тут гаворка ідзе пра тое, як прадстаўляюць здарэньне некаторыя расейскія «журналісты». Яны прыдумваюць усё больш абсурдную бязглузьдзіцу, каб выклікаць канфлікты паміж Польшчай і Ўкраінай. Адзін з расейскіх сайтаў напісаў, што ў Гданьску ахвярай ксэнафабічнай атакі стала... украінка.

Выданьне прыгадвае, што здарэньне мела месца некалькі дзён таму, дзяўчыны пабілі 14-гадовую вучаніцу на стаянцы каля школы. Дзяўчыну пабілі яе школьныя равесьніцы. Пракуратура ўзбудзіла сьледзтва па гэтай справе. Бойка была вынікам сваркі падлеткаў.

Ніхто бадай у Польшчы не спадзяваўся, што справа атрымае міжнароднае гучаньне. Расейскія смі хутка прыдумалі іншую вэрсію падзей. Адзін з расейскіх парталаў піша, што пабітую дзяўчыну назвалі «бандэраўскай шлюхай». Аўтары былі настолькі нахабныя, што апублікавалі нават фрагмэнт запісу, на якім, канешне, такіх словаў не чуваць, паколькі іх проста не было.

Gazeta Wyborcza/Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт