Logo Polskiego Radia
Print

«Макрон не жадае вярнуць Эўропу ў ХІХ стагодзьдзе»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.05.2017 15:17
  • «Макрон не жадае вярнуць Эўропу ў ХІХ стагодзьдзе».mp3
Новы прэзыдэнт Францыі хоча скончыць з размовамі пра ўпадак Эўропы й прапануе амбіцыёзныя пляны ў галіне абароны ды эканомікі.
Эманюэль Макрон робіць сэлфі з дэлегацыяй Турцыі на саміце NATO ў Брусэлі, травень 2017 г. Эманюэль Макрон робіць сэлфі з дэлегацыяй Турцыі на саміце NATO ў Брусэлі, травень 2017 г. EPA/ERIC FEFERBERG/POOL MAXPPP OUT

14 траўня ўступіў на пасаду прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон – перакананы прыхільнік эўрапейскай інтэграцыі і франка-нямецкага супрацоўніцтва. Як выбар Макрона зьменіць эканоміку Эўрапейскага зьвязу й яго зьнешнюю палітыку? Якую ролю Францыя будзе адыгрываць на міжнароднай арэне? Пра гэта нам расказваюць прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, спэцыяліст па міжнародных стасунках Анджэй Шэптыцкі (Andrzej Szeptycki) і дырэктар Цэнтру францускай культуры Варшаўскага ўнівэрсытэту палітоляг Нікаля Маслоўскі (Nicolas Maslowski). Экспэрты прынялі ўдзел у дыскусіі «Прэзыдэнцкія выбары ў Францыі. Аналіз і пэрспэктывы», якая прайшла ў Цэнтры францускай культуры ў Варшаве.

Прыход да ўлады ў Францыі прэзыдэнта Эманюэля Макрона даў надзею прыхільнікам аб’яднанай Эўропы. Растуць спадзяваньні на тое, што эканамічная й палітычная інтэграцыя паскорыцца, і маторам яе стануць краіны, якія карыстаюцца супольнай валютай эўра. Больш за тое, ёсьць надзеі, што Эўразьвяз пачне разьвіваць уласную абарону.

«Эфэкту даміно», якім палохалі скептыкі пасьля Брэксіту, так і не адбылося. Папулісты прайгралі на выбарах у Галяндыі й Францыі – кажа прафэсар Варшаўскага ўнівэрсітэту Анджэй Шэптыцкі.

Анджэй
Анджэй Шэптыцкі. Фота: pl.ism.uw.edu.pl

Анджэй Шэптыцкі: Папулізм заўсёды ўзьнікае ў цяжкія часы, такія якія Эўропа перажывае цяпер: эканамічны крызыс, крызыс уцекачоў. Але перамога Макрона паказвае, што папулізму можна пазьбегнуць. Можна сказаць, што вайна ня выйграна (і ня думаю, што яе калі-небудзь удасца выйграць), але мы выйгралі важную бітву.

Пасьля перамогі на выбарах Эманюэль Макрон выступіў з палымянай прамовай, у якой заявіў, што Францыя будзе «абараняць свабоду і прыгнечаных» па ўсім сьвеце. Аднак галоўным полем для працы францускіх дыпляматаў стане Эўрапейскі зьвяз – прадказвае дырэктар Цэнтру францускай культуры палітоляг Нікаля Маслоўскі.

Нікаля Маслоўскі: Замежная палітыка Францыі шмат у чым будзе залежаць ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Прэзыдэнт не кіруе самастойна. Што тычыцца плянаў самога Эманюэля Макрона, то мы бачым надзвычай праэўрапейскага прэзыдэнта, які абаранае свабоду гандлю, які хоча мадэрнізаваць Эўропу, але ў той жа самы час думае пра дзяржаву. Ён хоча аднавіць эўрапейскія структуры, каб яны больш эфэктыўна спраўляліся з разнастайнасьцю эўрапейскіх краінаў і адказвалі на глябальныя выклікі.

Вялікая частка міністраў новапрызначагана францускага ўраду – гэта былыя дэпутаты Эўрапарлямэнту і функцыянэры выканаўчых ворганаў Эўразьвязу.

Францускі прэзыдэнт хацеў бы ўзмацніць палітычную і эканамічную інтэграцыю ў ЭЗ. Адзін са спосабаў зрабіць гэта – стварыць эканамічны ўрад Эўразоны (краінаў, якія ўвялі агульную валюту эўра). Гэтыя пляны выклікаюць сур’ёзны непакой дзяржаваў, якія ўводзіць эўра пакуль не жадаюць – напрыклад, Польшчы. Яны баяцца быць выключанымі з працэсу эўрапейскай інтэграцыі.

Праект эканамічнага ўраду Эўразоны – адкрыты, пераконвае Нікаля Маслоўскі. «Эўропа дзьвюх хуткасьцяў» не стварае пагрозы ізаляцыі краінаў з па-за Эўразоны.

Нікаля
Нікаля Маслоўскі. Фота: cz.ambafrance.org

Нікаля Маслоўскі: Гаворка ня ідзе пра тое, каб адкінуць усіх, хто не ўваходзіць у Эўразону. Гаворка ідзе пра стварэньне больш стабільнай структуры, якая будзе лепш спраўляцца з вырашэньнем эканамічных праблемаў і заахвоціць іншыя краіны далучыцца. Як прэзыдэнт Макрон, так і большасьць французаў перакананыя, што Польшча павінна займаць важнае месца ў Эўрапейскім зьвязе. Менавіта ад Польшчы залежыць, як хутка яна жадае збліжацца зь іншымі краінамі Эўразьвязу.

Пасьля Брэксіту Францыя ператвараецца ў першую вайсковую сілу ў Эўропе. Паколькі ў аб’яднанай Эўропе ніводная з краінаў не можа зачыніць сваіх межаў, трэба ствараць агульную армію, якаб абараняць агульную мяжу – лічыць Макрон і яго прыхільнікі. Ён плянуе стварыць эўрапейскі абаронны фонд, які будзе фінансаваць новыя распрацоўкі, давесьці выдаткі Францыі на армію да 2% ВУП, а таксама стварыць эўрапейскія сілы хуткага рэагаваньня. Францыя гатовая ўзмацніць супрацоўніца ў рамках эўрапейскага камандаваньня NATO, у тым ліку прыняць удзел у абароне краінаў Балтыі ды Польшчы.

Нікаля Маслоўскі: Францыя – гэта адна з наймацнейшых у вайсковым пляне эўрапейскіх краінаў. Прэзыдэнт Макрон глядзіць на пытаньні бясьпекі з эўрапейскай пэрспэктывы. Яму хацелася б, каб эўрапейскі краіны супрацоўнічалі ў гэтым пытаньні. Зразумела, што будучыня эўрапейскай бясьпекі не залежыць ад аднаго прэзыдэнта Францыі. Яна будзе вырашацца ў выніку перамоваў зь Нямеччынай і іншымі дзяржавамі. І гэтыя перамовы будуць складанымі. Нямеччына, з-за свайго цяжкага мінулага, неахвотна ўдзельнічае ў вайсковых апэрацыях. Цэнтральнаэўрапейскія краіны вельмі клапоцяцца пра свой сувэрэнітэт, і таму таксама асьцярожна глядзяць на вайсковую інтэграцыю. Шлях будзе доўгім, аднак мы маем дынамічнага прэзыдэнта, які жадае дасягнуць прагрэсу ў гэтым пытаньні.

Экспэрты чакаюць, што Францыя й Нямеччына «возьмуць на сябе адказнасьць за Эўрапейскі зьвяз» – гэта значыць стануць ініцыятарамі рэформаў і ключавымі гульцамі ў зьнешняй палітыцы.

Дыскусія
Дыскусія «Прэзыдэнцкія выбары ў Францыі. Аналіз і пэрспэктывы», з удзелам амбаадара Францыі ў Польшчы П'ера Леві (у цэнтры).

На 29 траўня заплянаваная сустрэча Эманюэля Макрона і Ўладзімера Пуціна. У павестцы дня – перамовы па Сірыі, абмеркаваньне сытуацыі ва Ўкраіне, барацьба з тэрарызмам. У цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, у тым ліку ў Польшчы, гучаць галасы недаверу да вялікіх дзяржаваў. Некаторыя лічаць, што Нямеччына ці Францыя могуць ахвяраваць інтарэсамі меншых краінаў дзеля лепшых адносінаў з Расеяй.

Францыя ня будзе здраджваць сваім эўрапейскім саюзьнікам, бо галоўным прыярытэтам для Францыі зьяўляецца моцны Эўрапейскі зьвяз. А моцны Эўразьвяз – гэта гарантыя абароны правоў меншых краінаў, пераконвае Нікаля Маслоўскі.

Нікаля Маслоўскі: Эўразьвяз мае агульны парлямэнт і выканаўчыя ворганы. Гэта структуры, якія дазваляюць меншым краінам абараняць свае інтарэсы. Калі б Эўразьвязу не было, сапраўды вялікія дзяржавы маглі б усё вырашаць на кантынэнце аднаасобна. Але ў рамках аб’яднанай Эўропы гэта немагчыма. Законы Эўрапейскага зьвязу абавязковыя для ўсіх. У Эўрапарлямэнце галасуюць партыі, у якія ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржаваў. Таму я ня стаў бы падазраваць Макрона ў жаданьні вярнуцца ў ХІХ стагодзьдзе.

Новы кіраўнік Францыі вырашыў скончыць з размовамі пра «упадак старога кантынэнту» і падштурхнуць Эўропу да мадэрнізацыі ды аб’яднанаьня. Аднак ці атрымае ён магчмасьць рэалізаваць свае амбітныя пляны – у вялікай ступені залежыць ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Францыі. Іх першы тур пройдзе ўжо 11 чэрвеня.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт