Logo Polskiego Radia
Print

Польшча дапамагае адраджаць ветразевыя традыцыі ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.05.2017 16:00
  • Польшча дапамагае.mp3
У беларускім Браславе праз праграму “Польская дапамога” створана ветразевая школа.
Foto: Радыё "Свабода"/www.svaboda.orgFoto: Радыё "Свабода"/www.svaboda.orgFoto: Радыё "Свабода"/www.svaboda.org

Мясцовыя жыхары разьлічваюць на штуршок у разьвіцьці горада.

Ветразевы спорт быў распаўсюджаны на Браслаўшчыне ў 20 і 30 гады ХХ стагодзьдзя. Потым на доўгі час гэтая традыцыя заняпала. Аднаўленьне пачалося толькі ў 2000-ых гадах. Кажа краязнаўца з Браслава Ганна Базарэвіч.

Ганна Базарэвіч: Яшчэ ў 1920-30-ыя гады былі ў нас ветразевыя суполкі, а потым і яхт-клюб. У сучаснасьці з падобнай ініцыятывай недзе 10 год таму выступіў мясцовы касьцёл, які падтрымаў аднаўленьне яхтавай справы. Гэта рабілася ў кантэксьце сьвята, прысьвечанага Маці Божай – валадаркі азёраў. Тады былі першыя спробы.

Аднаўленьне традыцыі адбываецца пры дапамозе польскага боку. Спачатку ў яхты інвэставаў мясцовы касьцёл, а цяпер у 10 тысячным Браславе на днях адкрылі ветразевую школу, дзякуючым польскай амбасадзе ў Менску ды праграме МЗС Польшчы «Польская дапамога». З польскіх сродкаў у Браславе пабудавалі прыстань для яхт, ангары для лодак ды купілі 15 лодак з ветразямі для дзяцей.

Кіраўнік браслаўскага райвыканкама Ўладзімер Дранеўскі падкрэсьліў, што дзякуючы праекту горад узбагаціўся і атрымаў важны элемэнт інфраструктуры, які прычыніцца да далейшага разьвіцьця.

Уладзімір Дранеўскі: Ветразевая школа дае нам магчымасьці арганізацыі заняткаў для моладзі, выхаваньня спартоўцаў і ды абмену досьведам у будучыні паміж Польшчай і Беларусьсю.

Падтрымка эканамічнага ды грамадзкага разьвіцьця рэгіёну была галоўнай мэтай і польскага боку. Пра гэта распавёў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Конрад Паўлік: Мы хацелі стварыць нешта такое, што будзе стымуляваць грамадзкае, эканамічнае ды турыстычнае разьвіцьцё Браслаўшчыны. Менавіта гэтаму спрыяе дадзены праект і праграма «Польская дапамога».

Дарэчы дзякуючы гэтай праграме Польшча за апошнія дзесяць год змагла дапамагчы Беларусі, рэалізуючы дзесяткі праектаў. Пра гэта амбасадар Польшчы Конрад Паўлік распавёў менскаму карэспандэнту Польскага радыё Уладзімежу Пацу.

Уладзімеж Пац: Польскі амбасадар Конрад Паўлік распавёў, што за апошнія дзесяць год Польшча рэалізавала ў Беларусі каля 100 малых грантаў. Гэта істотная дапамога. Браслаў абраны таму, што навакольныя азёры маюць вялізарны патэнцыял. Сам горад зьяўляецца адным з турыстычных цэнтраў Беларусі. У далейшых плянах польскага боку падтрымка ў разьвіцьці мясцовай школы ветразевага спорту. Тут дапамогуць інструктары з польскага Аўгустава, які зьяўляецца горадам пабрацімам Браслава.

Адкрыцьцё школы не прайшло незаўважаным. Мясцовыя жыхары пачалі актыўна цікавіцца, калі пачнуцца заняткі. У горадзе спадзяюцца, што школа адкрыта для людзей. Гаворыць Гальляш Сялява рэдактар мясцовага партала braslaw.by

Гальляш Сялява: Гэта вельмі станоўчая ініцыятыва, клясна, што адраджаецца тое, што было ў нашым мястэчку яшчэ ў 1930-ых гг.. Дзякуючы польскаму боку ў нас зьявіліся яхты і з боку насельніцтва ёсьць інтарэс. Мне пішуць мноства людзей, якія пытаюцца, калі можна будзе аддаць дзяцей у яхт-школу. Кажуць, што ў чэрвені павінен зьявіцца трэнэр ды будуць набірацца першыя групы. Хочацца верыць, што нешта з гэтага будзе, і, што гэта зроблена для людзей.

Ветразёвы спорт вяртаецца на Браслаўскія азёры. Дзякуючы падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі ды праграме «Польская дапамога» у горадзе будзе дзейнічаць ветразевая школа для дзяцей. Мясцовыя жыхары ды ўлады разьлічваюць, што гэта стане штуршком для разьвіцьця горада.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт