Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка страчвае давер свайго электарату

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.06.2017 15:34
  • Лукашэнка страчвае давер свайго электарату.mp3
Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра на падзеньне даверу як да ўладаў, так і да мітаў, якія стварае афіцыйная прапаганда.
Аляксандар Лукашэнка (архіўны здымак)Аляксандар Лукашэнка (архіўны здымак)youtube.com/screen

Вясной 2017 году ў Беларусі адбыліся істотныя зьмены грамадзкіх настрояў. Беларусы пачалі больш прыхільна ставіцца да рынкавых рэформаў і больш давяраць незалежным СМІ. Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньняў, праведзеных у красавіку Беларускай аналітычнай майстэрняй. Чаму беларусы перастаюць верыць словам уладаў, наколькі вырасла іх гатоўнасьць пратэставаць і з кім беларусы жадаюць інтэгравацца падчас крызысу? Пра гэта з дырэктарам Беларускай аналітычнай майстэрні сацыёлягам Андрэем Вардамацкім размаўляе Аляксандар Папко.

Падзеі вясны 2017 году моцна падарвалі давер беларусаў да ўладаў і прымусілі значную частку грамадзтва перагледзець свае погляды наконт таго, у якім кірунку павінна разьвівацца краіна. Апытаньні, праведзеныя ў красавіку, паказваюць, што 55% беларусаў ацэньваюць эканамічную сытуацыю ў краіне як «дрэнную». Два гады таму эканамічнае становішча Беларусі як «дрэннае» ацэньвалі толькі 35% грамадзянаў.

Беларусы хочуць больш рынку й больш новых твараў ва ўладах – кажа Андрэй Вардамацкі. Яшчэ адным цікавым адкрыцьцём сацыёлягаў стаў рэзкі рост даверу да недзяржаўных СМІ.

/

Андрэй Вардамацкі: У грамадзтве павялічылася арыентацыя на рэформы. І рэформы гэтыя зьвязаныя з памяншэньнем ролі дзяржавы ў эканамічным жыцьці. Другая значная зьмена – гэта жаданьне новых твараў, хаця б у парлямэнце. І трэцяя зьмена – гэта зьмена індэксу даверу да СМІ. Упершыню недзяржаўным СМІ беларусы пачалі давяраць нават больш, чым расейскім.

Калі напрыканцы мінулага году недзяржаўным беларускім СМІ давяралі менш за 15% беларусаў, то ў сакавіку, падчас «маршаў недармаедаў» верыць незалежным сайтам і тэлеканалам пачалі 32% беларусаў. Гэта вышэй, чым узровень даверу да расейскіх тэлеканалаў, які ў Беларусі традыцыйна знаходзіцца на адзнацы ў 30%. «Цяжка сказаць, ці мы маем справу з доўгатэрміновай тэндэнцыяй, ці толькі часовым усплёскам», – камэнтуе Андрэй Вардамацкі.

Аднак растлумачыць гэты фэномэн магчыма. Карцінка, паказаная ў афіцыйных СМІ, вельмі адрозьніваецца ад рэчаіснасьці, якую людзі бачаць на ўласныя вочы. Таму давер да дзяржаўных тэлеканалаў і газэтаў падае. А вось недзяржаўныя СМІ былі адзінымі, хто расказваў грамадзтву пра эканамічныя праблемы й сацыяльныя пратэсты, такія як «маршы недармаедаў».

Апытаньні,
Апытаньні, праведзеныя ў красавіку, паказалі значны рост даверу да недзяржаўных СМІ. Ілюстрацыя: Беларуская аналітычная майстэрня

Андрэй Вардамацкі: Гэты фэномэн зьвязаны з павелічэньнем дыстанцыі паміж рэчаіснасьцю й тым, што людзі бачаць у СМІ. Залежнасьць вельмі простая: большая дыстанцыя – меншы індэкс даверу.

Наступная вельмі важная тэндэнцыя, якую заўважылі сацыёлягі – гэта расчараваньне традыцыйнага электарату Лукашэнкі ў сваім лідары, а таксама рост недаверу да ўладаў у цэлым. Ключавую ролю ў разбурэньні іміджу «народнага прэзыдэнта», на думку сацыёлягаў, адыграў надзвычай няўдалы «дэкрэт аб дармаедах».

Больш за палову рэспандэнтаў заявіла, што Дэкрэт №3 у той ці іншай ступені закрануў іх блізкіх альбо знаёмых. 53% беларусаў перакананыя, што дэкрэт быў памылкай і яго неабходна скасаваць поўнасьцю. Больш за ўсё ўражвае доля апытаных, якія заявілі, што непасрэдна ўдзельнічалі ў «маршах недармаедаў». Пра свой удзел у пратэстах заявілі 3,2% рэспандэнтаў. У пераліку на колькасьць дарослага насельніцтва Беларусі, гэтая лічба адпавядае 250 тысячам чалавек.

Гэта значна большая лічба, чым колькасьць тых, хто пратэставаў пасьля выбараў 2010 году – падкрэсьліваюць экспэрты Беларускай аналітычнай майстэрні.

«З-за эканамічных прычынаў электарат Лукашэнкі перастаў яму давяраць. Таму міты, якія стварае афіцыйная прапаганда, (напрыклад, міт пра «баевікоў «Белага легіёну») ужо не выклікаюць даверу мэтавай аўдыторыі», – пішуць аўтары дасьледаваньня.

Пачуцьцё крыўды на дэкрэт выліваецца ў недавер да ўсяго, што кажа ўлада – рэзюмуе Андрэй Вардамацкі.

Андрэй Вардамацкі: Дэкрэт закрануў акурат тую частку грамадзтва, якая зьяўляецца традыцыйным электаратам Лукашэнкі. Гэтыя людзі цяпер ня будуць верыць тым інфармацыйным канцэптам, якія прапаноўваюцца ўладамі. Калі ёсьць пачуцьцё несправядлівасьці дэкрэту, то яно нараджае пачуцьцё недаверу да тых мэдыйных канцэптаў, якія прапануюцца традыцыйнай частцы электарату Лукашэнкі. Адукаваная частка грамадзтва й так ня верыць у прапагандысцкія міты, а цяпер ім перастане давяраць тая частка, якая раней давярала. Ідзе генэралізацыя недаверу.

Сацыёлягі зазначаюць, што падчас эканамічнага крызысу жаданьне беларусаў інтэгравацца з Расеяй па-ранейшаму знаходзіцца на высокім узроўні. Аднак жаданьня ўвайсьці ў склад Расеі ў беларусаў няма – падкрэсьлівае Андрэй Вардамацкі.

Ствараць
Ствараць супольную дзяржаву з Расеяй жадаюць 12,5% беларусаў. Уваходзіць у склад Расеі - толькі 4,6%.

Андрэй Вардамацкі: Па-першае, арыентацыя на інтэграцыю з Расеяй мацнейшая, чым арыентацыя на Эўропу. Па-другое, гэта арыентацыя на інтэграцыю, а не ўваходжаньне ў склад Расеі. Арыентацыі на ўваходжаньне ў склад Расеі ў юрыдычным сэнсе гэтага слова практычна няма. Дакладней кажучы, у нашым дасьледаваньні дадзеную арыентацыю выказалі толькі 4,6% апытаных.

Чаму ж беларусы, якія працягваюць бяднець, усё больш спадзяюцца атрымаць грошы з Расеі, а не з багацейшай Эўропы? Эўразьвяз не дае сыгналаў, што намераны інтэграваць Беларусь альбо выцягнуць яе з цяжкога эканамічнага становішча. З-за адсутнасьці альтэрнатывы, прыходзіцца любіць тое, што ёсьць – канстатуе Андрэй Вардамацкі.

Андрэй Вардамацкі: З боку Эўропы няма сыгналаў пра тое што яна «возьме да сябе» Беларусь. Няма нейкіх рухаў з боку Эўропы – ані ў палітычным пляне, ані ў эканамічна-фінансавым. Людзі, можа, і хацелі бы, але пры адсутнасьці сустрэчных рухаў яны вымушаныя арыентавацца на Расею. Працуе і прагматычная частка, і, канешне, традыцыйныя культурныя сувязі з Расеяй і традыцыйная гістарычная звыкласьць.

Пагаршэньне эканамічнага становішча, Дэкрэт №3, а таксам разгоны сацыяльных пратэстаў і арышты іх удзельнікаў радыкалізавалі грамадзкую думку – сьцьвярджаюць экспэрты Беларускай аналітычнай майстэрні. Упершыню за многія гады эканамічныя праблемы нарадзілі ў людзей жаданьне патрабаваць палітычных пераменаў

«Упершыню ў грамадзтве назіраецца сувязь паміж эканамічным і палітычным», – падсумаваў вынікі красавіцкага апытаньня Андрэй Вардамацкі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт