Logo Polskiego Radia
Print

Варшава адзначае 75 гадавіну місіі Карскага

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.06.2017 15:55
  • 75-місіі-Карскага.mp3
Ян Карскі быў кур’ерам польскага падпольля падчас вайны.
Fragment okładki książki Jana Karskiego, foto: CORPUS

Ён першы перадаў на Захад доказы нацысцкага генацыду габрэяў у акупаванай Польшчы.

6 чэрвеня Музэй Варшаўскага паўстаньня правёў інагурацыю акцыі ўшанаваньня памяці 75-годзьдзя місіі Яна Карскага.

Гэта быў пасланьнік польскага падпольля, якія цягам ІІ Сусьветнай вайны некалькі разоў выяжджаў з пасланьнямі з акупаванай Польшчы на Захад, да польскага ўраду на выгнаньні. У лістападзе 1942-га года ён асабіста прывёз у Лёндан і перадаў брытанскаму ўраду сьведчаньні пра сытуацыю ў Польшчы, захопленую нацыстамі. Упершыню заходнія ўрады атрымалі інфармацыю пра тое, што немцы масава зьнішчаюць габрэйскае насельніцтва. Ян Карскі быў сьведкам гэтых падзей, бо ён асабіста прабраўся ў канцэнтрацыйны лягер у Ізьбіцы ды два разы на тэрыторыю варшаўскага гета.

Легендарны кур’ер расказваў, што ў канцлягер яму ўдалося ўвайсьці ў форме ўкраінскага жаўнера. Тое, што ён там убачыў было жудасна.

Ян Карскі: Там быў такі бакавы чыгуначны пэрон. Там было поўна немцаў, эсэсаўцаў ды жандараў. Там былі масы габрэяў, мноства дзяцей, жанчыны, старыкі. Плач, лямант, роспач і крык. Немцы ўсіх прыкладамі заганялі ў вагоны. Людзі перапалоханыя, пякельны вобраз, іх сілай запіхвалі ў вагоны. Я глядзеў на гэтую сцэну, скамянеўшы.

Вывесьці на Захад сьведчаньні гэтых злачынстваў было вельмі складана. Карскі ўзгадваў, што ў Лёндан ён завёз доказы, атрымаўшы ключ са схаванай у ім мікрастужкай, на якой была справаздача пра сытуацыі габрэяў.

Ян Карскі: Усё было выдатна зроблена. У мяне быў мікрафільм, які потым праявілі ды павялічылі ў Лёндане. Сама стужка была памераў у палову амэрыканскай запалкі. Яна была схавана ў ключы, дзе зрабілі адтуліну, у якую заклалі стужку і запаялі. У Лёндане наш аддзел ведаў, як дастаць стужку, не зьнішчыўшы яе. Пра гэта я ўжо не хваляваўся.

У 1943-м годзе ён асабіста прадставіў справаздачу пра генацыд габрэяў амэрыканскаму прэзыдэнту Франкліну Рузвэльту. Аднак заходнія палітыкі не зрэагавалі на сьведчаньні польскага кур’ера. Ян Карскі, які памёр у Вашынгтоне ў 2000-м годзе, узгадваў у архіўнай размове з Польскім радыё, што адказаў брытанскі міністар замежных спраў Энтані Ідэн на просьбы габрэяў з Польшчы, якія агучыў Эдвар Рачыньскі.

Ян Карскі: З ініцыятыва Рачыньскага, які тады быў яшчэ й міністрам замежных спраў сабралася вайсковая Рада альянтаў на чале з Ідэнам, як заўсёды. Рачыньскі прадставіў усе патрабаваньні габрэяў. На кожны пастулят Ідэн адказваў – не.

Ян Карскі, сапраўднае імя Ян Казелеўскі, пасьля вайны застаўся ў ЗША, працаваў выкладчыкам міжнародных стасункаў ва ўнівэрсытэце Джорджтаўн у Вашынгтоне. Ён атрымаў найвышэйшыя ўзнагароды ЗША, Ізраіля (у тым ліку тытул Справядлівы сярод народаў сьвету) ды Польшчы.

У 2014 годзе ўлады Варшавы паставілі яму помнік у парку Справядлівых, як асобе, якая бараніла чалавечую годнасьць ды ратавала ахвяры таталітарызму.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт