Logo Polskiego Radia
Print

Гісторыя горада праз рух

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.06.2017 11:30
  • Гісторыя праз рух.mp3
У польскай сталіцы пачаў працаваць Варшаўскі музэй танца.
Foto: muzeumtanca.pl

Гэты праект дэманструе спадчыну піянэраў мадэрных танцаў з 1919-39 гадоў.

Варшаўскі музэй танца – гэта вынік працы Мастацкага калектыву Фармат Нуль. (Kolektyw Artystyczny Format Zero). Праект імкнецца заахвоціць жыхароў Варшавы да знаёмства з гісторыяй ды духам горада праз танцы.

Справа ў тым, што ў XX-м стагодзьдзі, асабліва ў міжваенны пэрыяд, Варшава была «сэрцам танцаў у Эўропе». Тут працавалі шматлікія танцавальныя школы, жылі сусьветна вядомыя танцоры ды харэографы. Гаворыць Ёана Стасіна з Варшаўскага музэю танца.

Ёана Стасіна: Варшаўскі музэй танца не нагадвае традыцыйны музэй. Ён паўстаў з патрэбы да развагаў нашай ініцыятаркі Івоны Вайніцкай. Ідэя зьявілася з прац Калектыву Фармат Нуль. У нашай працы мы зьвярнуліся да творчасьці Полі Міранскай – адной з танцорах міжваеннага дваццацігодзьдзя. На аснове гэтага мы зрабілі спэктакль. Мы захацелі працягнуць вывучэньне тых часоў з пэрспэктывы танца. Нас цікавіць у першую чаргу Варшава. У тыя часы наш горад быў цэнтрам танцаў у Эўропе. Тут месьціліся галоўныя школы, працавалі вядомыя танцоры і харэографы. Мы хочам нагадаць, што тагачасная Варшава была сэрцам танца ў Эўропе. У дадатак мы натхніліся заходнімі напрацоўкамі ў рамках Musée de la danse, каб падобным чынам рэалізаваць Варшаўскі музэй танцаў.

Гісторыю праз танец паказваюць ня толькі ў Варшаве. У Беларусі актыўна дзейнічае суполка «Барысаўская мыза». Удзельнікі гэтай ініцыятывы таксама танцуюць на вуліцах горада, толькі Барысава, імкнучыся перадаць гісторыю і дух ня толькі аднаго горада, але цэлай эпохі. Гаворыць прадстаўніца «Барысаўскай мызы» Натальля Галава.

Натальля Галава: У нас пачыналася ўсё з гістарычных танцаў. Мы думалі, што такім чынам зможам паказаць гісторыю горада. Як ён жыў тады, якое было сьвецкае жыцьцё ў горадзе. Аднак потым мы зразумелі, што мы ня можам праз танцы 1818 года паказаць гісторыю нашага горада, бо не існуе гісторыя людзей, будынкаў таго часу. Мы расказвалі гісторыю цэлай эпохі. Потым мы зацікавіліся больш позьнім часам: канец 19 пачатак 20 ст. Мы ўбачылі, што тут ёсьць цікавыя людзі, якія тут жылі, будавалі горад, тварылі культуру. Мы можам расказаць якія танцы танцавалі людзі, якія жылі ў Барысаве, хадзілі па вуліцах нашага горада.

Дарэчы ў пятніцу ў Барысаве адбыліся танцы на жыдоўскай ноце. Пра тое, што танцуюць у Барысаве мы раскажа больш падрабязна ў наступных перадачах. Для жадаючых больш даведацца запрашаем зазірнуць на старонку суполкі ў Вкантаце.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт