Logo Polskiego Radia
Print

Віцэ-старшыня ЭП прапануе выкладаць у польскіх школах арабскую мову

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.06.2017 14:38
Гэта магло б дапамагчы ў інтэграцыі бежанцаў, якіх Польшча павінна прыняць.
Foto:flicr

Віцэ-старшыня Эўрапейскага парлямэнту Багуслаў Лібэрадзкі прапануе ўвесьці ў праграму навучаньня польскіх школ арабскую мову – паведамляе «Rzeczpospolita». Гэта магло б дапамагчы ў інтэграцыі бежанцаў, якіх Польшча павінна прыняць, на думку Лібэрадзкага. Ён адзначыў таксама, што сур’ёзнай праблемай уцекачы стануць толькі для наступнага ўраду краіны, паколькі, нават калі пачнецца працэс супраць Польшчы ў Судзе Эўрапейскага Зьвязу, то ён працягнецца некалькі гадоў.

Эўрапейскаму Зьвязу нават ня прыйдзецца афіцыйна «караць» Польшчу за тое, што яна не згадзілася на прыём бежанцаў. Проста будзе прынятае рашэньне прызначыць субсыдыі на іншыя мэты. А Польшча зьяўляецца найбуйнейшым атрымальнікам сродкаў са Зьвязу, таму яна страціць вялікія грошы, – адзначыў Лібэрадзкі.

Прафэсар прапануе ўвесьці ў некаторых польскіх школах урокі арабскай мовы. «На маю думку, можна было б прыняць напрыклад, 200 студэнтаў з Блізкага Ўсходу на ўнівэрсытэты ў Польшчы. А ў некаторых ліцэях увесьці, скажам, адну гадзіну арабскай мовы ў тыдзень. Людзі езьдзяць жа ў Туніс, у Эгіпет! Што ў гэтым было б дрэннага? Я б не хацеў, каб сілаю перавозіць сюды мігрантаў і трымаць іх пад аховай. З гэтага нараджаецца паталёгія!», – заявіў Лібэрадзкі.

Нагадаем, Эўрапейская камісія ў сераду фармальна пачала працэдуру супраць Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны за адмову прыняць уцекачоў у рамках разьмеркаваньня мігрантаў у краінах ЭЗ.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт