Logo Polskiego Radia
Print

Спэцслужбы будуць падпарадкоўвацца новаму ведамству

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.06.2017 14:39
Паводле неафіцыйных зьвестак, Міністэрства аховы дзяржавы будзе створана з розных агенцтваў.
foto: pixabay.com

У Польшчы будзе створанае новае міністэрства, якое зоймецца каардынацыяй працы спэцслужбаў – чытаем у выданьні «Dziennik Gazeta Prawna». Пакуль што ўрад не паведамляе пра падрабязнасьці рэформы, але вядома, што ведамства будзе адказваць за бясьпеку дзяржавы. Паводле неафіцыйных зьвестак, Міністэрства аховы дзяржавы будзе створана з розных агенцтваў, але хутчэй за ўсё яно ня будзе кантраляваць вайсковую разьведку і контрразьведку.

Пра пляны сфрамаваньня аднаго вялікага звышміністэрства, якое зьяднае розныя спэцслужбы, гаварылася даўно. Але міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч не жадае аддаць кантроль над выведкай.

Адным з адмоўных наступстваў стварэньня новага ведамства могуць быць масавыя звальненьні супрацоўнікаў Агенцтва ўнутранай бясьпекі і Агенцтва выведкі. Заяву аб звальненьні можа падаць нават 300 супрацоўнікаў, якія баяцца, што пасьля рэформы іх і так звольняць, а раней яны могуць атрымаць лепшыя ўмовы выхаду на пэнсію.

Адзін з суразмоўцаў выданьня кажа, што рэформа нагадвае яму пляны Ўладзіміра Пуціна, які хацеў у звышміністэрстве аб’яднаць ГРУ і ФСБ. Узьнікае пытаньне, ці гэта трэба рабіць. Надта вялікая ўлада спакушае, каб злоўжываць сваімі службовымі паўнамоцтвамі. А гісторыя паказвае, што гэта заўсёды заканчваецца дрэнна.

У сваю чаргу былы кіраўнік Агенцтва разьведкі палкоўнік Гжэгаж Малэцкі кажа, што патрэбная лепшая каардынацыя, а не аб’яднаньне службаў, якія маюць зусім розныя заданьні. «Сёньня на сьвеце ствараюць малыя ўстановы, якія маюць вузкую спэцыялізацыю, а не вялізныя інстытуцыі, якія займаюцца ўсім», – адзначае Малэцкі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт