Logo Polskiego Radia
Print

Вярхоўны суд пераважна займаецца справамі звычайных грамадзян

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.06.2017 13:54
Абсалютная бальшыня яго рашэньняў карысная для самых слабых прадстаўнікоў грамадзтва.
www.pixabay.com

«Dziennik Gazeta Prawna» піша пра дзейнасьць у Польшчы Вярхоўнага суду. Большасьці жыхароў краіны можа здавацца, што гэты орган займаецца вельмі складанымі справамі, якія датычаць вялікіх карпарацый. На самой жа справе ВС прымае рашэньні, датычныя як правіла звычайных абывацеляў.

Выданьне прааналізавала амаль чвэрць тысячы пастаноў, якія ВС выдаў цягам апошніх 18 месяцаў. Выснова адназначная: абсалютная бальшыня з іх карысная для самых слабых прадстаўнікоў грамадзтва. У сваю чаргу нешчасьлівымі могуць сябе адчуваць вялікія карпарацыі.

У лепшай сытуацыі, чым яшчэ паўтара году таму, знаходзяцца цяпер кліенты прадпрыемстваў тэлекамунікацыі, турбюро, страхавых кампаній. Дзякуючы менавіта рашэньням Вярхоўнага суду, – адзначае праф. Эва Лэнтоўска, былая судзьдзя Канстытуцыйнага суду і першы амбудсмэн у Польшчы.

Дэпутаты партыі «Права і справядлівасьць» распачалі працу над законапраектам, які пазбавіць ВС права выдаваць выракі па просьбе судоў. Калі парлямэнтары давядуць свае намеры да пераможнага канца, то ў вялікіх карпарацыях ад радасьці будуць піць шампанскае і сьвяткаваць.

На думку дэпутатаў, усеагульныя суды, якія падпарадкоўваюцца рашэньням ВС, страчваюць сваю незалежнасьць. Судзьдзі, іх меркаваньнем, выдаюць такія рашэньні, як хоча ВС, а не такія, якія яны самі лічаць правільнымі. Тым ня менш, піша выданьне, ухвалы вышэйшага судовага органу не зьяўляюцца інструмэнтам, які прымушае судзьдзяў прымаць такое, а не іншае рашэньне. Яны служаць выключна ліквідацыі разыходжаньняў у розных прававых актах і рашэньнях, каб усюды законы мелі аднолькавае гучаньне.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт