Logo Polskiego Radia
Print

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі - магчымасьць сустрэчы прэзыдэнтаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.07.2017 13:56
  • Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі.mp3
Форум выкарыстоўваецца як магчымасьць падкрэсьліць тое, што двухбаковае супрацоўніцтва разьвіваецца эфэктыўна.
У. Пуцін і А. ЛукашэнкаУ. Пуцін і А. ЛукашэнкаФота: president.gov.by

Беларусь і Расея атрымліваюць значныя выгады ў выніку абʼяднаньня сваіх магчымасьцяў. Аб гэтым прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў учора на пленарным пасяджэньні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Ці сапраўды супраца беларускіх і расейскіх рэгіёнаў на столькі выгадная і пэрспэктыўная, як заяўляе беларускі прэзыдэнт?

З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да палітоляга Дзяніса Мельянцова. Экспэрт кажа, адносіны Беларусі і Расеі ў гэтай сфэры апошнія дзесяткі гадоў моцна зьмяняліся. Яшчэ ў часы, калі Расеяй кіраваў Барыс Ельцын, Аляксандар Лукашэнка езьдзіў па расейскіх рэгіёнах, нават не інфармуючы галоўнае кіраўніцтва краіны, і там на месцы дамаўляўся аб эканамічным супрацоўніцтве. Кіравалі гэтымі рэгіёнамі парэшткі старых савецкіх эліт, якія былі вельмі прабеларускімі.

Дз. Мельянцоў: У беларускага кіраўніцтва атрымлівалася вельмі эфэктыўна наладжваць эканамічныя сувязі. Дагэтуль Менск робіць стаўку на тое, каб дамаўляцца ня толькі праз Крэмль, але і наўпрост з рэгіёнамі. Не сакрэт, што беларуска-расейскія палітычныя адносіны складаныя, але такіх перашкод у адносінах з рэгіёнамі няма. Там няма палітычнай мэтазгоднасьці, якая ёсьць у Крамлі. Кіраўнікі рэгіёнаў найперш зацікаўленыя ва ўстойлівых гандлёва-эканамічных адносінах. І тут ёсьць рацыя.

Форум рэгіёнаў – гэта свайго роду рытуальнае мерапрыемства, якое павінна прадэманстраваць супрацоўніцтва пасьля доўгага нафтагазавага крызысу ў адносінах – гаворыць Дзяніс Мельянцоў. Гэта дэманстрацыя абодвух бакоў факту, што адносіны набіраюць суседзкі, сяброўскі характар.

Дз. Мельянцоў: Форум рэгіёнаў выкарыстоўваецца як дадатковая пляцоўка, дзе можна падкрэсьліць тое, што двухбаковае супрацоўніцтва разьвіваецца эфэктыўна, што яно ўзаемакарыснае для абодвух бакоў. Гэта таксама дадатковая магчымасьць для Пуціна і Лукашэнкі паразмаўляць. РФ часам прытрымліваецца тактыкі, калі адкладаецца сустрэчы двух прэзыдэнтаў, каб патрымаць беларускае кіраўніцтва ў напружанасьці.

Тое, што прэзыдэнты маюць магчымасьць дадаткова сустрэцца і паразмаўляць, дае шанец, што будуць вырашаныя пытаньні, якія не вырашаліся падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе на пачатку красавіка – падводзіць вынік Дзяніс Мельянцоў.

Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт