Logo Polskiego Radia
Print

Дэклярацыі ПА АБСЭ чакаюць палітычныя назіральнікі

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 08.07.2017 10:17
  • ПА АБСЭ.mp3
Па словах аналітыкаў, беручы пад увагу падзеі форума, зьмест выніковага дакумэнту дагэтуль застаецца інтрыгай.
PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Ужо некалькі дзён беларуская сталіца застаецца пляцоўкай гарачых дыскусій. Спэктар пытаньняў, якія разглядаюць на такіх сэсіях, даволі шырокі – увага ўдзельнікаў скіраваная на падтрымку дэмакратыі, правоў чалавека, гуманітарныя пытаньні, эканоміку, навуку, навакольнае асяродзьдзе, палітыку ды бясьпеку. Важнай тэмай першых дзён форуму стала летувіская рэзалюцыя па Беларусі, якую не падрымала асамблея. Сваім меркаваньнем на гэтую тэму з нашай рэдакцыяй падзяліўся незалежны палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Аляксандр Класкоўскі: Там вельмі востра ставіліся пытаньні, зьвязаныя з палітзьняволенымі (перш за ўсё, мелася на ўвазе нашумелая «справа патрыётаў»), з тым, каб скасаваць артыкул, які ўсталёўвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Але магчыма, летувісаў падвяло тое, што яны, па-беларуску кажучы, зьмяшалі боб з гарохам і таксама ўлучылі туды пытаньне пра будаўніцтва беларускай АЭС (гэта найбольш балючае для Летувы пытаньне). Але ў выніку, відаць, таго, што гэтая рэзалюцыя была надта перагружаная, яна ня трапіла ў парадак дня. Тым не менш, я думаю, што дэпутаты асамблеі з аднаго боку хочуць даць магчымасьць захаваць твар гаспадарам, таму што для афіцыйнага Менску гэта вельмі важнае ў піяраўскім сэнсе мерапрыемства. Гэта ўлічваюць тыя, хто зьехаўся на асамблею. Ну, а зь іншага боку, усё ж, Парлямэнцкая асамблея мусіць праявіць пэўную прынцыповасьць. Таму пабачым, які будзе выніковы дакумэнт.
Яшчэ адзін момант, які выклікаў цікавасьць у назіральнікаў – гэта пазыцыя Беларусі па ўкраінскім пытаньні. Прадстаўнікі афіцыйнага Менску не падтрымалі расейскую дэлегацыю, якая беспасьпяхова патрабавала зьняць з павесткі сэсіі рэзалюцыю Кіева, што тычыцца аднаўленьня сувэрэнітэту й тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Кожны з 36 пунктаў гэтага дакумэнту Масква назвала хлусьнёй. Беларусь жа паказала чарговы палітычны манэўр. Працягвае Аляксандр Класкоўскі.
Аляксандр Класкоўскі: Кіроўныя вярхі зразумелі тое, што па-першае, трэба думаць пра ўласны сувэрэнітэт і неяк мець на ўвазе, што Масква можа любымі метадамі дзейнічаць, як гэта яна паказала з захопам Крыма. І па-другое, сталі старанна наводзіць масты з Захадам. У прыватнасьці, праз тое, каб заняць нішу ў міратворчасьці (удалося менавіта ў Менску распачаць працэс урэгуляваньня на Данбасе). Так што «украінскае» пытаньне – гэта якраз тое пытаньне, дзе Менск усяляк манэўруе. І ён мусіць даваць нейкія сыгналы адданасьці свайму ўсходняму хаўрусьніку. Беларускія прадстаўнікі пару разоў на Асамблеі Аб’яднаных Нацый галасавалі за, умоўна кажучы, антыўкраінскія рэзалюцыі. Але разам з тым пры кожнай магчымасьці Менск стараецца дыстанцыявацца ад Масквы.
Як адзначыў падчас размовы Аляксандр Класкоўскі, прымаючы летнюю сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Беларусь, відавочна, імкнецца ўзмацніць сваю пазыцыю на міжнароднай арэне. І, у прыватнасьці, пасьля арганізацыі перамоваў па нармалізацыі канфлікту на Данбасе Менск прыглядаецца да новай ролі.
Аляксандр Класкоўскі: Звышзадача беларускіх уладаў – каб Менск стаў новым Хельсінкі, каб тут распачаўся працэс прымірэньня Расеі з Захадам. Аднак наўрад ці гэта рэалістычная задача, таму што каб выконваць ролю такога пасярэдніка, трэба быць, па вялікім рахунку, нэйтральнай краінай (Хельсінкі зьяўляюцца сталіцай Фінляндыі – краіны нэйтральнай). Ну, а Беларусь занадта заангажаваная ў расейскую палітыку, занадта моцна залежыць ад Масквы, і гэта разумеюць вялікія гульцы. Таму цяжка сумясьціць, напрыклад, тое, што Беларусь разам з Расеяй мае правесьці ў верасьні манэўры «Захад-2017», якія напружваюць натаўскіх суседзяў Беларусі – тую ж Польшчу, у прыватнасьці – і прэтэнзіі Менску на ролю Хельсінкі-2.
Нагадаем, летняя сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ адкрылася ў Менску ў мінулую сераду. У беларускай сталіцы сабраліся больш за трыста парлямэнтарыяў з 57 краінаў Паўночнай Амэрыкі, Эўропы ды Азіі. Заўтра – апошні дзень форума.
Васіль Садоўскі
слухайце далучаны гукавы файл

Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт