Logo Polskiego Radia
Print

Узбэкістан: канец уладнага трыюмвірату

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.07.2017 10:02
  • Узбэкістан.mp3
Новы прэзыдэнт змагаецца з былымі паплечнікамі.
Foto: www.gov.uz

Пасьля сьмерці Іслама Карымава, які 27 гадоў кіраваў краінаў, палітычная сыстэма змагла захаваць сваю стабільнасьць, а ўлада перайшла ў іншыя рукі без сур’ёзных унутраных канфліктаў і сатрасеньняў.

Узбэкістан не зьяўляецца ўстойлівай краінай з гамагенным насельніцтвам. Выдавалася, што сьмерць прэзыдэнта магла б прывесьці да бунтаў ды барацьбы за ўладу. Аднак перадача ўлады адбылася без закалотаў. Прычына ўстойлівасьці згаданага працэсу заключаецца ў тым, што за пэрыяд кіраваньня Карымава ў краіне былі цалкам зьнішчаны палітычныя групы, якія маглі б прэтэндаваць на ўладу, акрамя бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта. Менавіта гэта акрэсьлівала палітыку рэжыму ў апошнія гады жыцьця Карымава, кажа палітоляг, наш аглядальнік Павал Усаў.

Павал Усаў: Яшчэ адна прычына ўстойлівасьці сыстэмы - той факт, што грамадзтва па сваёй культуры глыбока архаічнае й аўтарытарнае, яно ніколі не жыло ва ўмовах дэмакратыі, яго палітычная культура ня мае ніякіх элемэнтаў дэмакратыі, таму ўзбэцкае грамадзтва даволі лёгка ўспрыняло працэс перадачы ўлады й захаваньня яе ў руках кіроўнага апарату.

Унутры апарату не было барацьбы?

Павал Усаў: Справа ў тым, што ва Ўзбэкістане даволі ўстойлівы й кансалідаваны кіроўны, намэнклятурны апарат. Пасьля сьмерці Карымава там не пачалася ўнутраная вайна, але быў знойдзены кампраміс паміж галоўнымі ўплывовымі фігурамі. Менавіта гэты кампраміс прывёў да хуткага выбару новага прэзыдэнта, якім стаў Шаўкат Мірзіяеў. Аднак, да апошніх месяцаў ягоная ўлада не была цалкам неабмежаванай, а будавалася на гэтак званым трыюмвіраце, у які ўваходзілі віцэ-прэм’ер Рустам Азімаў і кіраўнік службы бясьпекі Рустам Інаятаў.

Згаданыя Рустамы лічыліся аднымі з набліжаных да Карымава людзей. Экспэрты кажуць, што першы адказваў за асабісты капітал і ягоныя замежныя рахункі. Другі займаўся абмежаваньнем уплываў дачкі Карымава – Гульнары.

Павал Усаў: Мірзіяеў адчуваў небясьпеку такога падзелу ўлады. На пачатку чэрвеня бягучага году Азімаў быў зьняты з усіх афіцыйных пасадаў. Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што гэта было зроблена пасьля таго, як ён адмовіўся «вярнуць» грошы Карымава. Адначасова з гэтым распачалося сьледзтва супраць Гульнары Карымавай. Няма ніякіх сумневаў, што такім жа чынам Мірзіяеў расправіцца «па-ўсходняму» з іншым сябрам трыюмвірату.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт