Logo Polskiego Radia
Print

Польшча першай у Эўропе можа атрымаць сувязь 5G

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 13.07.2017 19:03
Як паведамляе газэта Rzeczpospolita, гэтага не выключае міністар лічбавых тэхналёгій Анна Стрэжыньска.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польшча можа стаць першай краінай Эўропы, дзе зьявіцца сувязь 5G. Як паведамляе газэта Rzeczpospolita, гэтага не выключае міністар лічбавых тэхналёгій Анна Стрэжыньска. Ведамства ініцыюе падпісаньне пагадненьня «5G для Польшчы» ды працуе над урадавай стратэгіяй будаўніцтва сеткі новага пакаленьня. Да тэхналёгіі прыглядаюцца таксама тэлекамунікацыйныя кампаніі краіны.

Аднак, паводле экспэртаў, яе ўкараненьне можа патрабаваць каля 7-8 гадоў. Па-першае, стандарты 5G пакуль да канца не распрацаваныя. Рынак сувязі мае дачыненьне толькі з прататыпамі, адзін зь якіх днямі тэставаў у Варшаве дзяржаўны апэратар Exatel. Над праектам працаваў міжнародны кансорцыюм фірмаў ды навучальных установаў. Чакаецца, што канчатковыя характарыстыкі 5G стануць вядомыя ў 2019 годзе. Але ўжо зараз можна сказаць, што карыстальнік атрымае доступ да мабільнай сеткі з хуткасьцю ў 100 мэгабіт на сэкунду.

Ёсьць яшчэ адно важнае пытаньне, якое трэба вырашыць перад запускам 5G – кампэтэнтныя органы Польшчы павінныя вызваліць адпаведныя частоты, якія ў выніку перададуць у карыстаньне камэрцыйным арганізацыям. Кажучы пра сувязь новага пакаленьня, спэцыялісты адзначаюць – зь ёй карыстальнікі атрымаюць ня толькі больш хуткі мабільны інтэрнэт.

Адметнасьцю 5G павінна стаць мажлівасьць віртуальнага падзелу сеткі і яе прызначэньне на самыя розныя цэлі. У прыватнасьці, тэхналёгія можа легчы ў аснову канцэпцыі «разумны горад», зь яе ж дапамогай на на дарогах будуць арыентавацца бесьпілётныя аўтамабілі.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт