Logo Polskiego Radia
Print

Лідар апазыцыі апынуўся ў незайздроснай сытуацыі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.07.2017 15:02
Гжэгаж Схэтына й яго партыя «Грамадзянская плятформа» трацяць папулярнасьць - піша штотыднёвік wSieci.
Grzegorz Schetyna. Photo: Polskie RadioGrzegorz Schetyna. Photo: Polskie Radio

Правакансэрватыўны штотыднёвік wSieci распавядае пра незайздросную сытуацыю, у якой апынуўся лідар польскай апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаж Схэтына.

Артыкул пад загалоўкам «Апантанная Плятформа» напісаў Станіслаў Янэцкі.

У сярэдзіне красавіка Гжэгаж Схэтына надзеў нябачны ляўровы вянок і сурʼёзна плянаваў перамогу сваёй партыі на наступных парлямэнцкіх выбарах. Вялікія спадзяваньні ў яго абудзіла ўсяго адно апытаньне грамадзкай думкі, паводле якога Грамадзянская плятформа атрымала 29% падтрымкі.

Схэтына ўжо бачыў сябе на пасадзе прэмʼер-міністра побач з прэзыдэнтам Дональдам Тускам. «10 тыдняў пазьней, пасьля пасяджэньня Рэспубліканскай рады Грамадзянскай плятформы, ранейшыя мары аб уладзе й сваіх людзях на дзяржаўных пасадах выглядаюць сьмешна», – піша Станіслаў Янэцкі. Публіцыст лічыць, што ў Схэтыны няма давераных людзей, а многіх з тых, каго ён яшчэ не выгнаў з партыі, ён хоча выгнаць.

Аглядальнік wSieci таксама піша аб праблеме, якой для Плятформы зьяўляецца той факт, што спадзяваньні на спусташэньне дзяржаўнага бюджэту ўрадам «Права й справядлівасьці» ня спраўдзіліся. Янэцкі адзначае, што апазыцыйная партыя, замест таго, каб расьці ў рэйтынгах, губляе падтрымку.

Іншай праблемай лідара Грамадзянскай плятформы, паводле тыднёвіка wSieci, зьяўляецца мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц. У выбаршчыкаў яна адназначна асацыюецца з гэтак званай дзікай рэпрыватызацыяй варшаўскіх даваенных будынкаў, у выніку якой пацярпела шмат простых грамадзян.

«Схэтына моцна злуецца, але мала што можа зрабіць», – піша Станіслаў Янэцкі на старонках тыднёвіка wSieci.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт