Logo Polskiego Radia
Print

Эміграцыйная хваля з Польшчы пайшла на спад

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 19.07.2017 15:39
У 2016 на сталае жыхарства ў краіну прыехала каля 62 тысячаў чалавек. Гэта найлепшы паказьнік за апошнія амаль 10 гадоў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Эміграцыйная хваля з Польшчы пайшла на спад, паведамляе ў сёньняшнім нумары Dziennik Gazeta Prawna. У 2016 на сталае жыхарства ў краіну прыехала каля 62 тысячаў чалавек. Гэта найлепшы паказьнік за апошнія амаль 10 гадоў. Паводле афіцыйных дадзеных, у Польшчу пачынаюць вяртацца грамадзяне, якія апошнім часам жылі ў Вялікабрытаніі. Яна, як вядома, зараз рыхтуецца выйсьці з Эўразьвязу.

Варта зьвярнуць увагу – статыстыка ўлічвае толькі тых, хто мае намер заставацца ў Польшчы прынамсі на 12 месяцаў ды паведаміў пра гэта мясцовым уладам. Апошнія тэндэнцыі ў пэўнай ступені вынікаюць з пазытыўных зьменаў на ўнутраным рынку працы, заўважаюць экспэрты. Ўзровень беспрацоўя ў краіне цяпер найменшы за апошнія чвэрць стагодзьдзя.

Акрамя таго, як адзначае Зянон Вішнеўскі з унівэрсытэту Каперніка ў Торуні, да вяртаньня палякаў скланяе няпэўнасьць, зьвязаная з так званым брэксытам. Многія спэцыялісты ўпэўненыя, што з часам, дзякуючы менавіта выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу, лічба жадаючых вярнуцца на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу будзе толькі расьці. У пэрспэктыве мова можа весьціся нават пра 200 тысячаў рэпатрыянтаў.

Ужо зараз зваротныя квіткі на радзіму набываюць ня толькі людзі, што на эміграцыі жылі асобна, але й цэлыя сем’і зь дзецьмі. У мінулым годзе ў адзінай дзяржаўнай сыстэме PESEL зарэгістраваліся амаль 15 тысячаў непаўналетніх прыежджых – гэта амаль на палову больш, чым у 2014. Яшчэ адзін пазытыўны сыгнал улады бачаць у колькасьці людзей, якія вырашылі надоўга выехаць з Польшчы. Цягам 2016 краіну пакінулі 47 тысячаў жыхароў – лічба аказалася найменшай за апошнія 5 гадоў.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт