Logo Polskiego Radia
Print

Каштоўны палігон

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 19.07.2017 16:11
Расейская апазыцыя дамагаецца сканчэньня ваеннай апэрацыі ў Сірыі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Каштоўны палігон. Расейская апазыцыя дамагаецца сканчэньня ваеннай апэрацыі ў Сірыі. Гэтай тэме прысьвечаны адзін з матэрыялаў сьвежага нумару газэты Rzeczpospolita. Як паведамляецца, партыя «Яблоко» ўжо пасьпела сабраць у рэгіёнах больш за 50 тысячаў подпісаў супраць удзелу расейскіх вайскоўцаў ва ўзброеным канфлікце. Неўзабаве галасы пачнуць зьбіраць у Маскве ды Санкт-Пецярбургу.

Тым часам, вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў паказваюць, што большасьць жыхароў Расеі падтрымліваюць сірыйскую апэрацыю Крамля. Як паведаміў выданьню адзін зь лідэраў апазыцыйнай партыі Сяргей Мітрохін, людзі знаходзяцца пад моцным уплывам дзяржаўнай прапаганды і нават не здагадваюцца, колькі каштуе ўдзел у супрацьстаяньні.

Па падліках «Яблока», за няпоўныя два гады ўлады выдалі на гэтыя патрэбы больш за 100 мільярдаў расейскіх рублёў – гэта каля мільярду і сямісот мільёнаў даляраў. Для параўняньня – сума складае пятую частку гадавога бюджэту польскіх вайскоўцаў.

Эканаміст Расейскай акадэміі навук Аляксей Арбатаў упэўнены, што Масква будзе здольная фінансаваць апэрацыю цягам наступнага году, а далейшы ўдзел у ваенных дзеяньнях будзе патрабаваць скарачэньня асноўнага бюджэту краіны. Але справа ня толькі ў грошах.

Ад 30 верасьня 2015 году, калі крамлёўскія войскі былі ўведзеныя ў Сырыю, на тэрыторыі ісламскай рэспублікі загінулі 34 расейскія ваеннаслужачыя. У тым ліку – пілёты, прадстаўнікі спэцыяльных сілаў ды вайсковыя кансультанты. І гэта толькі афіцыйныя лічбы. Рэальныя страты могуць быць значна большыя: незалежныя мэдыі неаднаразова інфармавалі пра прыватныя вайсковыя арганізацыі з Расеі, што змагаюцца на баку Башара Асада.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт