Logo Polskiego Radia
Print

Тропікі становяцца бліжэй

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 27.07.2017 15:52
  • клімат.mp3
Паводле сыноптыкаў, цягам апошніх 30 гадоў сярэдняя тэмпэратура ў краіне павялічылася амаль на паўтара градусы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Тропікі становяцца бліжэй. Беларускія сыноптыкі перагледзелі кліматычныя нормы. Паводле спэцыялістаў, цягам апошніх 30 гадоў сярэдняя тэмпэратура ў краіне павялічылася амаль на паўтара градусы.

Бесьперапыннае павелічэньне тэмпэратур у Беларусі назіраецца з 1989-га году. Як паведаміў парталу tut.by начальнік службы Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыёактыўнага забруджваньня й маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Віктар Мельнік, з таго часу кожны год (за выключэньнем аднаго) быў цяплейшы за папярэдні. З чым менавіта гэта зьвязана, адназначна сказаць даволі складана. Але, як сьцьвярджаюць эколягі, відавочна, што на зьмяненьне клімату ўплывае далёка не адзін фактар. Сытуацыю на нашую просьбу пракамэнтаваў дырэктар Цэнтру экалягічных рашэньняў Яўген Лабанаў.

Яўген Лабанаў: Мы бачым, што зьмяняецца колькасьць ападкаў, зьмяняецца тэмпэратурны рэжым. Якія менавіта прычыны на гэта ўплываюць, чаму днямі ў Менску быў самы моцны дождж за ўсё гісторыя мэтэаназіраньняў, канешне, ніхто з навукоўцаў вам ня скажа. Але разам з тым, зараз ёсьць кансэнсус наконт таго, што дзейнасьць чалавека, антрапагенная дзейнасьць, у тым ліку, зьвязаная з выкідам парніковых газаў (у першую чаргу, аксыду вугляроду) – гэта тое, што аказвае істотны ўплыў на кліматычныя працэсы. Знайсьці заканамернасьць паміж колькасьцю выкідаў парніковых газаў у межах Беларусі ды зьменамі клімату непасрэдна ў краіне вельмі складана. З аднаго боку мы зьяўляемся вельмі невялікім вырабніком парніковых газаў (усяго ў глябальным маштабе Беларусь адказваем менш чым за адзін адсотак выкідаў). Зь іншага боку, клімат – гэта прыклад глябальных працэсаў, дзе кожная краіна залежыць ад усіх іншых.

Паводле Яўгена Лабанава, са зьменамі клімату зьвязаны цэлы шэраг наступстваў. Прычым, як нэгатыўных, так і пазытыўных. Некаторыя з году ў год становяцца ўсё больш відавочнымі.

Яўген Лабанаў: Мы бачым непасрэдныя зьмены. Напрыклад, падзеньне ўзроўню грунтовых водаў. Зьмены тэмпэратурнага рэжыму ўплываюць на сельскую ды лясную гаспадарку. Пачынаюць зьяўляцца новыя шкоднікі ці новыя захворваньні, якія раней у Беларусі ва ўмовах больш умеранага клімату не сустракаліся. Адзін з самых простых прыкладаў – у апошнія гады мы бачым шырокае распаўсюджваньне кляшчоў, якія могуць пераносіць энцэфаліт і барэліёз. У іх зьяўляецца новы арэал. Можна казаць, што для сельскай гаспадаркі зьмены клімату часам маюць станоўчы эфэкт, бо ўсё новыя землі становяцца прыдатнымі да вырошчваньня тых ці іншых культур. Разам з тым, па ўсім сьвеце зьмены клімату спрыяюць павелічэньню колькасьці экстрэмальных прыродных зьяваў.

Як адзначыў наш суразмоўца, у пэўным сэнсе Беларусі пашанцавала, што яна ня мае доступу да мора ці акіяну. Цунамі краіне не пагражаюць. А вось ураганы ды цыклёны – зьявы цяпер значна больш частыя, чым дагэтуль. Нярэдка зьмены, зьвязаныя з пацяпленьнем уплываюць на лад жыцьця людзей. Што тычыцца барацьбы са зьменамі клімату, то, паводле назіральнікаў, самы істотны крок апошняга часу – Парыскае пагадненьне, якое прадугледжвае скарачэньне выкідаў вуглякіслага газу да 2020-га году. Гэты дакумэнт падпісалі каля 200 краінаў. У тым ліку – Беларусь, якая зьбіраецца сканцэнтравацца, між іншым, на ўзнаўляльных крыніцах энэргіі. Працягвае Яўген Лабанаў.

Яўген Лабанаў: Такі глябальны кансэнсус вельмі важны. Ёсьць прыклады многіх краінаў. Напрыклад, дзяржаваў Эўразьвязу ці Кітаю, якія прыкладаюць вялікія намаганьні для таго, каб зьменшыць выкіды парніковых газаў. Гэта, у тым ліку, вядзе да зьменаў у структуры эканомікі, разьвіцьця так званай «зялёнай эканомікі», укараненьня ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі. Ёсьць шмат прыкладаў у сьвеце, дзе такія крыніцы энэргіі выходзяць на першыя месцы ў энэргетычным балянсе. Прымаюцца больш лякальныя, рэгіянальныя пляны, зьвязаных са зьменамі клімату. У Беларусі актыўна разьвіваецца рух «Пакт мэраў», калі раёны ці гарады бяруць на сябе абавязкі па скарачэньні выкідаў і выконваюць іх. У краіне зараз больш за 15 раёнаў ды гарадоў, што ўдзельнічаюць у такіх праграмах. У Эўропе такіх муніцыпалітэтаў тысячы.

Неспадзяваным для многіх стала рашэньне ўладаў ЗША выйсьці з Парыскага пагадненьня. Аднак, некаторыя эколягі ўпэўненыя, што пляны кіраўніка Белага Дому Дональда Трампа не адаб’юцца істотна на выкананьні міжнароднага дакумэнту. Многія з амэрыканскіх штатаў (сярод якіх – Каліфорнія з насельніцтвам каля 40-ка мільёнаў чалавек) ужо заявілі, што не зьбіраюцца адмаўляцца ад сваіх абавязкаў па скарачэньні шкодных выкідаў.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт