Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўскае паўстаньне было неабходнае, яго нельга было адмяніць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.08.2017 15:06
На думку гісторыкаў, дзякуючы паўстаньню ўдалося затрымаць саветызацыю Польшчы.
PAP/Radek Pietruszka

Роўна 73 гады таму, а 17 гадзіне, жыхары Варшавы сказалі нямецкім акупантам рашучае «Далоў!». Тады пачалося Варшаўскае паўстаньне, самая вялікая ўзброеная акцыя падпольля ў нашай частцы Эўропы.

Адзначэньне гадавіны Варшаўскага паўстаньня пачалося ўжо некалькі дзён таму, але кульмінацыйны момант прыходзіцца на першы дзень жніўня. Ва ўрачыстых мерапрыемствах прымаюць удзел прадстаўнікі вышэйшых польскіх уладаў, вэтэраны вайны, жыхары і госьці сталіцы. Для ўсіх палякаў гэты дзень вельмі важны, паколькі тады, 73 гады таму, палякі сваім геройскім учынкам прыгадалі людзям на захадзе пра існаваньне Польшчы. На думку многіх гісторыкаў, дзякуючы паўстаньню ўдалося затрымаць саветызацыю дзяржавы. Гаворыць прафэсар Багуслаў Кропка.

Б. Кропка: Сталін быў разьюшаны фактам, што паўстаньне пачалося. Паводле ягонага сцэнару, неабходна было хутка захапіць тэрыторыю Польшчы без удзелу Арміі Краёвай, каб сьвет хутка забыў пра свабодную Польшчу. Аднак гэты сцэнар не ўдалося ажыцьцявіць менавіта дзякуючы паўстаньню. Кажуць, што паўстаньне было змаганьнем зь нямецкімі акупантамі, але на самой справе гэта было нагадваньне, што Рэч Паспалітая далей існуе.

У першыя дні паўстаньня, паводле сьведчаньняў удзельнікаў тых падзей, сярод паўстанцаў панавала эўфарыя. Яны ведалі, што савецкія войскі падышлі ўжо да Віслы, таму спадзяваліся, што барацьба з акупантам закончыцца перамогай вельмі хутка, за некалькі дзён. Мала хто прадбачваў, што чырвонаармейцы затрымаюцца на рацэ, а так менавіта сталася.

Пераважна паўстанцы былі вельмі маладымі людзі, нават дзецьмі, падлеткамі. Для іх барацьба была прыгодай жыцьця, але акупленая сьмерцю многіх калег і сяброў. Змагары мелі ў сваім распараджэньні вельмі мала зброі, часам прыходзілася змагацца ўрукапашную. Паўстаньне ўспамінае ўдзельнік тых падзей палкоўнік Эдмунд Бараноўскі.

Э. Бараноўскі: Зброі была мала, толькі кожны чацьвёрты атрымаў вінтоўку. Усе атрымалі толькі самаробныя гранаты, гэтак званыя «Філіпінкі». Перавага ворага была аграмадная, гэта былі жаўнеры, а па нашым баку былі вельмі маладыя хлопцы, дзяўчаты. Нашай задачай быў захоп фабрыкі, але не было жаўнераў, не было зброі і выбуховых матэрыялаў. На шчасьце, разумны камандзір своечасова загадаў адступаць, але ўжо ў першых хвілінах былі забітыя і параненыя. Ноччу з поля бітвы іх вынесьлі санітаркі.

Чарговая гадавіна Варшаўскага паўстаньня, як кожны год, выклікае разважаньні на тэму гісторыі Польшчы. На думку дырэктара Ўпраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсаваных асоб Яна Каспшыка, паўстаньне было неабходнае, і немагчыма было яго спыніць.

Ян Каспшык: Варшаўскае паўстаньне было гучным клічам польскага народу, заклікам змагацца за свабоду і незалежнасьць. Гэты крык палякаў павінен быў пачуць сьвет. Паўстаньне немагчыма было спыніць. Атмасфэра ў Варшаве была такая, што маладыя людзі, маладыя патрыёты ірваліся ў бой. Яны ірваліся змагацца зь немцамі, тым больш, што акупанты ўжо былі моцна аслабленыя.

У гісторыі Эўропы не было падзеі, якую можна параўнаць з Варшаўскім паўстаньнем, – адзначыў падчас урачыстасьцяў міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч. Міністар нагадаў, што галоўнай мэтай змагароў было вызваленьне сталіцы ад нямецкіх акупантаў.

Міністар.
Міністар А. Мацярэвіч. Зд. PAP/Marcin Obara

А. Мацярэвіч: Незалежнасьць – гэта была мэта, гэта была каштоўнасьць, гэта была ідэя, якая яднала варшавян і ўсіх палякаў, якія сутыкнуліся зь нямецкім і савецкім варварствам. Ім прыйшлося змагацца ў адным і тым жа часе з двума ворагамі, якія за сьпіной палякаў дамаўляліся супраць існаваньня польскага народу.

У гадавіну паўстаньня адбываецца акцыя пад назваю «Свабода яднае». У рамках кампаніі падрыхтаванае прыкладаньне, якое дазваляе зьдзейсьніць прагулку па тагачаснай Варшаве. Таксама гарцары і валянцёры раздаюць мінакам адмысловыя патрыятычныя значкі. Маладыя людзі кажуць, што гісторыю можна вывучаць па-рознаму.

Удзельнікі акцыі: У Варшаве ладзіцца вельмі шмат падзей з нагоды гадавіны паўстаньня. Можна, напрыклад, ісьці на Пляц Пілсудскага, дзе будзе канцэрт паўстанцкіх песьняў.

Людзі павінны затрымацца а 17.00, каб паказаць, што яны памятаюць пра паўстанцаў.

Можна таксама насіць значкі, сьцягі, іншыя патрыятычныя адзнакі. Кожны сам павінен знайсьці свой спосаб ушанаваньня тых падзей. Мы – гарцары, таму прысьвячаем свой час, каб служыць іншым.

Варшава
Варшава 1 жніўня. Зд. PAP/Marcin Kmieciński

Паўстаньне працягвалася ў сталіцы Польшчы 63 дні. За гэты час няроўнай барацьбы зь немцамі загінула каля 18 тыс. паўстанцаў і прыкладна 140 тыс. мірных жыхароў Варшавы. У сваю чаргу сам горад быў амаль дашчэнту зруйнаваны, спалены ворагам.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт