Logo Polskiego Radia
Print

Антытэрарыстычны закон дапамог польскім апэратарам сувязі

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 01.08.2017 16:47
Год таму ў краіне пачаў дзейнічаць дакумэнт, паводле якога карыстальнікі мабільных тэлефонаў павінныя быць зарэгістраваныя ў базе.
pixabay.com/Public Domain CC0

Антытэрарыстычны закон дапамог польскім апэратарам сувязі. Год таму ў краіне пачаў дзейнічаць дакумэнт, паводле якога карыстальнікі мабільных тэлефонаў павінныя быць зарэгістраваныя ў базе. Пра эфэкты гэтага рашэньня піша сёньня Dziennik Gazeta Prawna. Як паведамляе выданьне, за мінулыя месяцы лічба актыўных перадаплочаных сім-картак у Польшчы зьменшылася амаль на траціну – з больш чым 25 да 18,5 мільёнаў. Такія дадзеныя распаўсюдзіла Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне.

Спэцыялісты сьцьвярджаюць – вынікі мінулага году паказваюць, наколькі быў пераацэнены рынак. Разам з тым, зьмены не паўплывалі нэгатыўна на працу апэратараў, а ў некаторых выпадках нават прынесьлі карысьць. Кампаніі атрымалі інфармацыю пра абанэнтаў, якая дазволіла дапрацаваць тарыфныя пляны. Акрамя таго, наведваючы офісы, некаторыя з кліентаў вырашылі падпісаць абанэнцкае пагадненьне. Па дадзеных статыстыкі, сёньня на 100 жыхароў Польшчы прыходзіцца 134 актыўныя карткі.

Нагадаем, працуючы над праектам закону, аўтары імкнуліся стварыць дадатковыя магчымасьці для барацьбы з тэрарызмам ды арганізаванай злачыннасьцю. Як часта кампэтэнтныя органы карыстаюцца базай падчас сьледзтва, не паведамляецца. Аднак назіральнікі адзначаюць – ужо далёка ня першы месяц у Польшчы існуе гандаль зарэгістраванымі сім-карткамі. Прычым, такі бізнэс не забаронены законам. Гэта разумеюць і ў Міністэрстве лічбавых тэхналёгіяў. Па словах кіраўніка ведамства Анны Стрэжыньскай, нават калі абмежаваньні і будуць уведзеныя, у абанэнтаў застанецца магчымасьць ананімна карыстацца паслугамі замежных апэратараў.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт