Logo Polskiego Radia
Print

Польскія няўрадавыя арганізацыі будуць працаваць у новых умовах

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 02.08.2017 18:11
Дзяржава мае намер узяць пад свой кантроль асацыяцыі ды фонды трэцяга сэктару.
pixabay.com/Public Domain CC0

Няўрадавыя арганізацыі ў Польшчы будуць працаваць у новых умовах. Дзяржава пачынае кантроль асацыяцыяў і фондаў трэцяга сэктару. Пра гэта паведамляе сёньня Dziennik Gazeta Prawna. Паводле выданьня, у верасьні да Сэйму трапіць праект закону, які прадугледжвае стварэньне Нацыянальнага інстытуту свабоды.

Як сьцьвярджаюць аўтары, новая структура мусіць «ажыцьцяўляць палітыку дзяржавы ў галіне разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, што абапіраецца на прынцыпах партнэрства, узаемадапамогі, эфэктыўнасьці, канкурэнцыйнасьці й празрыстасьці». Іншымі словамі, гэта азначае адзяржаўленьне сыстэмы фінансаваньня няўрадавых арганізацыяў, тлумачыць аўтар газэты.

Сярод спэцыялістаў гэтая ідэя ад пачатку будзіла спрэчкі. Зараз жа прадстаўнікі трэцяга сэктару асьцерагаюцца ціску. Як адзначае выданьне, апошнім часам некаторыя з арганізацыяў адчулі на сабе зацікаўленасьць з боку дзяржавы. Напрыклад, фонд «Вольныя грамадзяне», які ад сьнежня мінулага году ладзіць акцыі супраць штомесячных маніфэстацыяў у гонар ахвяраў смаленскай катастрофы. Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі вінаваціць арганізацыю ў парушэньні ўласнага статуту. Гісторыя можа скончыцца судом і прызначэньнем новага кіраўніцтва фонду, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Сацыёлягі ды прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці задаюцца пытаньнем – гэта адзінкавая справа, ці варта чакаць сыстэмнага «закручваньня гаек»? Так ці іначай, рабіць высновы заўчасна. Параўноўваць Польшчу з Расеяй, улады якой абмежавалі магчымасьць фінансаваньня трэцяга сэктару з-за мяжы, пакуль не выпадае, адзначае выданьне.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт