Logo Polskiego Radia
Print

Польшча аналізуе магчымасьць патрабаваць кампэнсацыю ў Нямеччыны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.08.2017 15:31
Польшча ніколі не атрымала кампэнсацыі за велізарныя ваенныя страты.
Кадар зь фільму пра зьнішчаную Варшаву (Музэй Варшаўскага паўстаньня)Кадар зь фільму пра зьнішчаную Варшаву (Музэй Варшаўскага паўстаньня)youtube.com/Muzeum Powstania Warszawskiego

У польскім Сэйме распрацоўваюць пытаньне магчымасьцяў патрабаваньня ад Нямеччыны кампэнсацыі за ваенныя страты Польшчы. Бюро сэймавых аналізаў рыхтуе адказ на запыт дэпутата партыі «Права і справядлівасьць» Аркадыюша Мулярчыка – піша «Rzeczpospolita».

У запыце пастаўленыя пытаньні наконт юрыдычных магчымасьцяў патрабаваць кампэнсацыю ў сьвятле міжнароднага права. Ёсьць таксама пытаньне, ці іншыя краіны, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць гітлераўскай Германіі, высоўвалі падобныя патрабаваньні. А калі так, то з якім вынікам.

Мулярчык адзначае, што наконт магчымасьці патрабаваць кампэнсацыю існуюць розныя меркаваньні, паколькі калісьці Польшча тэарэтычна адмовілася ад ваенных рэпарацый. Але тады, у 50-ыя гады мінулага стагодзьдзя, яна не была поўнасьцю сувэрэннай дзяржавай, акрамя таго, справа датычыла неіснуючай ужо дзяржавы – ГДР, а не ФРГ. Частка экспэртаў падкрэсьлівае таксама, што адмова ад патрабаваньня кампэнсацыі не была зарэгістраваная ў ААН.

У ліпені старшыня партыі ПіС Яраслаў Качыньскі заявіў, што Польшча ніколі не атрымала кампэнсацыі за вялізныя ваенныя страты. Таксама міністар абароны Антоні Мацярэвіч казаў, што з юрыдычнага пункту гледжаньня Нямеччына павінна выплаціць Польшчы кампэнсацыю. Паводле падлікаў, падрыхтаваных яшчэ па даручэньні прэзыдэнта Леха Качыньскага ў 2004 годзе, кошт ваенных страт складае каля 43,5 млрд. даляраў.

Юрыдычная экспэртыза павінна быць распрацаваная да 11 жніўня бягучага году.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт