Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква сьвяткуе юбілей

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 10.08.2017 16:14
  • Царква.mp3
Сваю самастойнасьць яна абвясьціла ў Менску роўна 90 год таму – 10 жніўня 1927 году.
Набажэнствы ў Гайлэнд-ПаркуНабажэнствы ў Гайлэнд-Паркуbelapc.org

У розных кутках сьвету адзначаюць юбілей Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Сваю самастойнасьць яна абвясьціла роўна 90 год таму – 10 жніўня 1927 году. Такім быў вынік зьезду праваслаўных сьвятароў і вернікаў у Менску.

Сёньня Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква налічвае некалькі прыходаў у розных краінах сьвету. Асноўныя замежныя цэнтры яна мае ў амэрыканскіх Нью-Ёрку ды Гайлэнд-Парку, брытанскім Манчэстэры, аўстралійскіх Адэлаідзе ды Мэльбурне, а таксама канадзкім Таронта. Адной з галоўных мэтаў сьвятары лічаць захаваньне нацыянальнай спадчыны беларусаў.

Усе службы адбываюцца па-беларуску. У гэтым годзе, акрамя юбілею абвяшчэньня аўтакефаліі, адзначаецца яшчэ адна круглая дата – 95 год з моманту заснаваньня незалежнай ад Масквы мітраполіі. Але, як адзначыў у размове з намі кіраўнік рэлігійнай грамады сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у Менску, айцец Леанід Акаловіч, гісторыя беларускай праваслаўнай царквы налічвае далёка не адно стагодзьдзе.

Айцец Леанід Акаловіч: Заснаваньне мітраполіі ды абвяшчэньне аўтакефаліі – гэта працяг таго, што заснаваў Цамблак. Была Літоўска-Наваградзкая мітраполія ў XV стагодзьдзі фактычна. Таму гэта ўзнаўленьне самастойнасьці й незалежнасьці беларускай царквы ў нашым Вялікім Княстве Літоўскім. Гаворыць гэта пра тое, што нашая царква не падначальваецца Маскве і нават Кіеву. Канешне, з Кіевам мы сябравалі, былі ў супольнай сувязі ды падначальваліся. Тым ня менш, былі пэрыяды, калі Кіеўская мітраполія фактычна была ў Наваградзкай мітраполіі. З XIV стагодзьдзя вялікі князь называўся літоўскім і друцкім (у сэнсе, украінскім). Мы лічым, што ўкраінцы – гэта русіны, а беларусы – ліцьвіны. Такім чынам, у нас ёсьць і свая дзяржаўнасьць, і свае асобныя цэрквы.

У самой Беларусі аўтакефальная праваслаўная царква знаходзіцца ў даволі складаным становішчы. Падчас Сёмага зьезду беларусаў сьвету, які адбыўся ў сярэдзіне ліпеня ў Менску, кіраўніка царквы, Архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна (ён служыць у Злучаных Штатах, але ехаў з Украіны) адмовіліся прапусьціць празь мяжу, паставіўшы ў пашпарце штамп аб забароне ўезду ў краіну. Трапіць у Беларусь прадстаяцель змог толькі на другі дзень форуму – пасьля таго, як у сытуацыю на просьбу кіраўніка рэлігійнай грамады сьвятой Эўфрасіньні Полацкай умяшалася Міністэрства замежных справаў. Айцец Леанід Акаловіч спадзяецца, што ў хуткім часе Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ўсё ж зможа дзейнічаць без перашкодаў.

Айцец Леанід Акаловіч: Трэба сказаць, што ў сваёй дзяржаве Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву не рэгіструюць. Мы знаходзімся на паўлегальным становішчы. Праўда, зараз быццам складаюцца спрыяльныя ўмовы. Таму магчыма, што мы ў каторы раз будзем падаваць дакумэнты на рэгістрацыю нашых суполак. У прыватнасьці – нашай галоўнай Парафіі сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у Менску. Нашыя прыхільнікі ды суполкі ёсьць таксама ў іншых гарадах.

Айцец Леанід Акаловіч распавёў нам таксама пра бліжэйшыя пляны па разьвіцьці Беларускай аўтакефальный праваслаўнай царквы на Бацькаўшчыне.

Айцец Леанід Акаловіч: У нас ёсьць свае дыяканы. І ў сувязі зь юбілейнымі днямі мы хочам высьвячаць новых сьвятароў. Яны скончылі навучаньне ў Луцкай духоўнай праваслаўнай акадэміі. Спадзяюся, усё адбудзецца ў гэтым месяцы. Такім чынам, у Беларускай аўтакефальнай царквы на Бацькаўшчыне зьявіцца магчымасьць пашырацца ды неяк разьвівацца далей.

Што тычыцца праграмы сьвяткаваньня юбілеяў заснаваньня беларускай мітраполіі ды абвяшчэньня аўтакефаліі, то яна пакуль ня вызначаная. Першапачаткова плянавалася правесьці чытаньні ў Беларусі. Зараз жа айцец Леанід Акаловіч не выключае, што сумесная малітва з удзелам Архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна адбудзецца на Чарнігаўшчыне.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт