Logo Polskiego Radia
Print

Крэмль марыць пра беларускі нафтавы транзыт

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.08.2017 18:30
  • Крамль марыць.mp3
Уладзімір Пуцін хоча змусіць Беларусь разьвярнуць транзыт нафтапрадуктаў на расейскія парты.
Foto: ALEXEI DRUZHININ/EPA/PAP

У Менску не зусім рады гэтай прапанове.

Прэзыдэнт Расеі прапанаваў абавязаць беларускія нафтаперагонныя заводы выкарыстоўваць расейскую інфраструктуру для перавозкі нафтапрадуктаў. Маўляў, на беларускіх НПЗ перапрацоўваецца расейская нафта, іншай там няма, і наўрад ці зьявіцца, таму трэба запакетаваць атрыманьне нашай нафты ад пытаньня выкарыстаньня нашай інфраструктуры. Такія словы Пуціна цытавалі расейскія СМІ.

Маску злуе, што беларускі бок увесь час адмаўляецца ад паслуг расейскай чыгункі і партоў Усць-Луг і Санкт-Пецярбург на карысьць прыбалтыйскай інфраструктуры.

Некалькі гадоў таму Крэмль ужо ўздымаў гэтае пытаньне, але тады Менск праігнараваў дадзеную прапанову. Цяпер ізноў Масква вярнулася да гэтай тэмы, карыстаючыся тым, што памеры паставак расейскай нафты – адно з самых балючых пытаньняў беларускай эканомікі. Ад гэтага залежыць яе рост або падзеньне. Так, паводле падлікаў эканамістаў з ІПМ, скарачэньне паставак расейскай нафты на 5 мільёнаў тон у Беларусь будзе адзначаць для краіны страту 2,2% ВУП.

У Менску ўжо пачаліся размовы адносна новага патрабаваньня з Крамля. Больш падрабязна перадае карэспандэнт Польскага Радыё Ўладзімір Пац.

Уладзімір Пац: Дагэтуль Беларусь прадавала свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты, а гэта 13 мільёнаў тон, праз парты Летувы ды Латвіі. Геаграфічна гэта найбольш зручна й эканамічна карысна для Беларусі. Расея пачала заахвочваць Менск перагледзець сваю палітыку ды запрапанавала зьніжку. Масква хоча пры дапамозе беларусаў даць працу сваім партам на Балтыйскім ды Чорным марах.

У сваю чаргу Беларусь за гэтыя гады выпрацавала лягістыку сваіх паставак праз балтыйскія краіны. Так, летась праз Латвію Беларусь экспартавала больш за 5 мільёнаў тон сваіх нафтапрадуктаў, гэта 79% усіх нафтапрадуктаў, перавезеных латыскай чыгункай.

Гэтую таварную плынь Масква хоча перанакіраваць на сябе. У Менску ня вельмі рады гэтай прапанове. Чаму, тлумачыць старшыня аналітычнага цэнтру Ідэя Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Расея даўно гаворыць пра тое, што Беларусь павінна выкарыстоўваць расейскія парты. Масква шмат інвэставала ў разбудову расейскай партовай інфраструктуры ды адмовілася ад балтыйскіх партоў. У Маскве лічаць, што калі яны даюць Беларусі нафту, лягічна, каб гэтыя грошы вярталіся ў расейскую казну – праз парты. Аднак расейскія парты менш якасныя, яны далей і яны замярзаюць. Таму ў Беларусі ня хочуць пераводзіць транспарт сваіх грузаў у Расею.

Раней Крэмль ужо ціснуў на Менск у справе перанакіраваньня тавараў на Расею. Гэта не ўдалося. Ці сёньня нешта зьмянілася й Расея змусіць Лукашэнку да перанакіраваньня паставак?

Рыгор Астапеня: Масква будзе ціснуць і дамагацца перанакіраваньня паставак. На маю думку, афіцыйны Менск пойдзе на саступкі й накіруе невялікую частку грузаў праз Расею. Гэта будзе рабіцца, каб залагодзіць Маскву. Апроч таго Расея абяцае ўвесь час зьніжкі на чыгуначны транспарт, таму Менск можа нічога й ня страціць з-за гэтага.

Расейская прапанова для Беларусі нязручная: далёка, і парты замярзаюць. Экспэрты лічаць, што Менск праігнаруе гэтым разам заявы з Масквы. Прагназаваць можна толькі дробныя пастаўкі, каб не злаваць Расею.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт