Logo Polskiego Radia
Print

Браціслава аддае перавагу Бэрліну, а не Варшаве

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 17.08.2017 19:29
Улады Славаччыны падкрэсьліваюць, што галоўнай задачай у зьнешняй палітыцы для іх зьяўляецца будаваньне сьціслых адносінаў з Нямеччынай ды Францыяй.
pixabay.com/Public Domain CC0

Браціслава аддае перавагу Бэрліну, а не Варшаве. Улады Славаччыны падкрэсьліваюць, што галоўнай задачай у зьнешняй палітыцы для іх зьяўляецца будаваньне сьціслых адносінаў з Нямеччынай ды Францыяй. З такой заявай перад журналістамі выступіў прэм’ер-міністар усходнеэўрапейскай краіны Робэрт Фіца – гаворыцца ў сьвежым нумары выданьня Dziennik Gazeta Prawna.

Паводле кіраўніка кабінэту міністраў, вышаградзкая група, куды акрамя Славаччыны ўваходзяць таксама Польшча, Чэхія ды Вугоршчына, па-ранейшаму застаюцца важным кірункам для Браціславы, але сканцэнтраваць увагу варта, перш за ўсё, на ядры Эўразьвязу ды эўразоны. І кіраўнікі міністэрстваў ужо атрымалі адпаведныя даручэньні.

Словы прэм’ера разыходзяцца з плянамі Варшавы наконт супрацоўніцтва ў межах рэгіёну трох мораў. Ягоная аснова – Вышаградзкая чацьвёрка, балтыйскія дзяржавы, а таксама частка балканскіх краінаў. Паводле назіральнікаў, заява Фіца ў пэўным сэнсе нечаканая, паколькі раней ён неаднаразова выказваў незадавальненьне дзеяньнямі Брусэля ды Бэрліна. Разыходжаньні, у прыватнасьці, тычацца нелегалаў з закранутых узброенымі канфліктамі рэгіёнаў, а таксама ўсходняй палітыкі ЭЗ.

Падчас свайго першага тэрміну кіраўнік славацкага ўраду быў крытыкаваны заходнімі партнэрамі за дзеяньні, якія не адпавядаюць каштоўнасьцям эўрапейскай супольнасьці. У тым ліку, барацьба зь незалежнымі мэдыямі ды парушэньні правоў нацыянальных меншасьцяў (перш за ўсё, вугорскай). Зь іншага боку, адзначае газэта, дзякуючы пераходу на эўра, улады краіны змаглі прыцягнуць шматлікіх замежных інвэстараў. Верагодна, зараз Браціслава разьлічвае павялічыць эканамічны эфэкт ад гэтага рашэньня, гаворыцца ў артыкуле.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт