Logo Polskiego Radia
Print

Колькасьць працаўнікоў прыватнага сэктару Польшчы працягвае расьці

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 18.08.2017 19:33
У мінулым месяцы ў вялікіх ды сярэдніх фірмах краіны было задзейнічана больш за 6 мільёнаў чалавек.
pixabay.com/Public Domain CC0

Колькасьць працаўнікоў прыватнага сэктару Польшчы працягвае расьці, паведамляе сёньня газэта Puls Biznesu. У мінулым месяцы ў вялікіх ды сярэдніх фірмах краіны было задзейнічана больш за 6 мільёнаў чалавек. У параўнаньні з чэрвенем, лічба ўзрасла на 21 тысячу. Гэта найлепшы вынік з 1995 году.

Цікава, што такі рост назіраецца на фоне дэфіцыту вольных працоўных рук. Назіральнікі заўважаюць, што ў Польшчы расьце прафэсійная актыўнасьць, а сам рынак паступова пераарыентуецца з сельскай гаспадаркі на прамысловасьць ды сфэру паслугаў. Што тычыцца ўзросту лічбы працаўнікоў прыватнага сэктару, то яна назіраецца з 2013 году. Найбольш істотна лічбы пачалі зьмяняцца на мяжы 2016 і 2017.

Заўважым, што статыстыка ахоплівае толькі фірмы, дзе працуюць ня менш за 10 чалавек. Сьпіс такіх прадпрыемстваў абнаўляецца раз на год. Разам з дадзенымі, якія тычацца колькасьці людзей, занятых у прыватным сэктары, галоўнае статыстычнае ведамства Польшчы апублікавала інфармацыю аб даходах. Цягам апошняга году сярэдні заробак у бізнэсе павялічыўся амаль на 5 адсоткаў – да 4,5 тысячаў злотых (гэта больш за 1230 даляраў).

Экспэрты рынку чакалі больш істотных рэзультатаў. Тым не менш, паводле прагнозаў на бліжэйшыя месяцы, пазытыўная дынаміка захаваецца, гаворыцца ў артыкуле.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт