Logo Polskiego Radia
Print

Польскі рэсурс Travelist гатовы змагацца з Booking.com

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 21.08.2017 18:55
У гэтым годзе даходы сэрвісу на рынку Польшчы ўзрастуць на 35 адсоткаў – да 220 мільёнаў злотых (гэта прыблізна 60 мільёнаў даляраў).
Фота: travelist.pl

Інтэрнэт-рэсурс Travelist гатовы змагацца з Booking.com. Посьпехам анлайн-праекту з польскімі каранямі, які спэцыялізуецца на браніраваньні месцаў у гатэлях, прысьвечаны адзін з матэрыялаў газэты Puls Biznesu. У гэтым годзе даходы Travelist на рынку Польшчы ўзрастуць на 35 адсоткаў – да 220 мільёнаў злотых (гэта прыблізна 60 мільёнаў даляраў).

Па ўзроўні прыбытку сайт паступова цягнецца да глябальнага гіганту Booking.com, які сёлета плянуе зарабіць на рынку краіны 500 мільёнаў злотых. Розьніца пакуль што істотная, але, паводле назіральнікаў, ёсьць усе шансы, што тэндэнцыю Travelist захавае і ў будучыні. Перш за ўсё, хуткі рост усходнеэўрапейскаму праекту забясьпечвае зацікаўленасьць палякаў адпачынкам у Харватыі, а таксама Вугоршчыне, Чэхіі ды Славаччыне.

Як адзначае дырэктар па маркетынгу кампаніі Агата Ацішэўска, асаблівасьцю польскага рынку на фоне Эўразьвязу зьяўляецца тое, што тут амаль не набываюць дарагія туры на Мальдывы. Замест гэтага аддаюць перавагу камфортнаму адпачынку ва Ўсходняй Эўропе. Напрыклад, на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора ці на Балканах. Яшчэ адзін трэнд – групавыя выезды, калі ў тур едуць, скажам, супрацоўнікі адной кампаніі.

Кажучы пра адпачынак у самой Польшчы, прадстаўнікі сэрвісу Travelist зьвяртаюць увагу – у высокі сэзон курортам не хапае месцаў у гатэлях па спэцыяльных цэнах. Таму кампанія вырашыла сканцэнтраваць увагу на браніраваньні нумароў бізнэс-сэгмэнту ў гасьцініцах вялікіх гарадоў. Раней у гэтай нішы непадзельна кіраваў узгаданы вышэй Booking.com. Сярод задач на бліжэйшы год кіраўніцтва Travelist называе набліжэньне да плянкі ў 300 мільёнаў злотых у Польшчы і далейшае павелічэньне продажы месцаў у гатэлях ня толькі адрыятычнага ўзьбярэжжа, але, напрыклад, Варшавы ды Кракава.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт