Logo Polskiego Radia
Print

Афіцыйны Менск разглядае магчымасьць новага рэфэрэндуму

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 22.08.2017 14:09
Калі ідэю ўхваляць, у лютым будучага году насельніцтву трэба будзе выказацца наконт павелічэньня прэзыдэнцкага тэрміну на два гады - зь пяці да сямі гадоў.
Палац Незалежнасьці ў МенскуПалац Незалежнасьці ў МенскуWikimedia Commons/Antono Vasiljev/CC BY-SA 4.0

Афіцыйны Менск разглядае магчымасьць новага рэфэрэндуму. Калі ідэю ўхваляць, у лютым будучага году насельніцтву трэба будзе выказацца наконт павелічэньня прэзыдэнцкага тэрміну на два гады (зь пяці да сямі гадоў), піша сёньня Dziennik Gazeta Prawna. Як адзначае выданьне, цяперашняму кіраўніцтву краіны гэта дало б дадатковы час ды зьменшыла б рызыка палітычных узрушэньняў, што даволі істотна, калі ўзяць пад увагу нядаўнія пратэсты супраць так званага «дэкрэту аб дармаедзтве».

У матэрыяле прыводзяцца словы экспэрта Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніса Мельянцова, які заўважае – разам з пытаньнем аб павелічэньні тэрміну на галасаваньне могуць вынесьці цэлы пакет паправак у выбарчае заканадаўства. Як адзначае палітоляг, галоўным лабістам чарговага плебісцыту выступае Лібэральна-дэмакратычная партыя, створаная для ілюзіі плюралізму.

Зь ідэяй рэфэрэндуму гэтая арганізацыя зьвярнулася да беларускіх уладаў падчас свайго зьезду, што адбыўся 13 жніўня. Аўтары ініцыятывы прапануюць аб’яднаць галасаваньне з выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў. Кажучы пра мэтазгоднасьць павелічэньня прэзыдэнцкага тэрміну, беларускія лібэрал-дэмакраты адзначаюць, што гэта дазволіла б зэканоміць грошы, а таксама спасылаюцца на досьвед Расеі й Францыі.

У сваю чаргу, газэта нагадвае – калі ўсходнія суседзі беларусаў ў 2012 павялічылі працягласьць паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 4 да 6 гадоў, то французы ў 2002, наадварот, скарацілі з 7 да 5. Ініцыятыву ЛДПБ пракамэнтавала старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Яна заявіла, што прапанова не разыходзіцца з міжнароднай практыкай, а яе рэалізацыя магла б у пэўным сэнсе паўплываць на сацыяльную стабільнасьць у Беларусі.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт