Logo Polskiego Radia
Print

«Навошта ўладам лішні раз узбуджаць грамадзкасьць?»

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 23.08.2017 18:11
  • Нашто ўладам лішні раз узбуджаць грамадзкасьць.mp3
Беларускія экспэрты камэнтуюць ініцыятыву ЛДПБ па правядзеньні рэфэрэндуму аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Ці будзе ў Беларусі чарговы рэфэрэндум? Гэтым пытаньнем задаюцца палітычныя назіральнікі. Паводле некаторых зь іх, на пачатку будучага году падчас выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў грамадзянам могуць прапанаваць выказацца і наконт павелічэньня прэзыдэнцкага тэрміну.

Ідэя зьмяніць Канстытуцыю, павялічыўшы працягласьць паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з цяперашніх 5 да 7 гадоў ня новая. У мінулым годзе з такой ініцыятывай выступіла кіраўніцтва Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Разам з гэтым ЛДПБ прапанавала выбіраць дэпутатаў па прапарцыянальна-мажарытарнай сыстэме, што, паводле назіральнікаў, павялічыла б шансы партыі падчас выбараў. На заявы беларускіх лібэрал-дэмакратаў адрэагаваў тады Цэнтарвыбаркам.

Як адзначала яго кіраўнік Лідзія Ярмошына, для ўвядзеньня партыйных сьпісаў аўтарам ідэі прыйдзецца сабраць подпісы прынамсі ад 450 тысячаў выбарцаў. Што тычыцца непасрэдна павелічэньня прэзыдэнцкага тэрміну на два гады, то яно, па словах кіраўніцтва ЦВК, не пазбаўлена сэнсу. Рэалізацыя ідэі паўплывала б на сацыяльную стабільнасьць у Беларусі. Да таго ж гэта не разыходзіцца з замежнай практыкай, казала Ярмошына. Больш прадстаўнікі ўлады тэму публічна не закраналі. На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, верагоднасьць рэфэрэндуму хоць і невялікая, але існуе.

Аляксандр Класкоўскі: У Лукашэнкі ёсьць адладжаная сыстэма так званых «элегантных перамог». Яна працуе спраўна. Нашто лішні раз узбуджаць грамадзкасьць, палітызаваць яе? Рэжыму выгадны апалітычны абывацель. А рэфэрэндум патрабуе ўзьняць градус прапаганды. Трэба паказваць, якія ў рэжыму дасягненьні, а зь імі цяпер неяк ня надта. Аднак я думаю, што імавернасьць рэфэрэндуму, хоць і невялікая, але ёсьць. Па-першае, улада закрытая, мы ня ведаем, што робіцца ў галаве ў Лукашэнкі, што яму шэпчуць на вуха нейкія паліткансультанты. І ня выключана, што калі ён палічыць, што зоркі для яго сыходзяцца ўдала, то ў адной зьвязцы з мясцовымі выбарамі можа быць праведзены й такі рэфэрэндум.

Тым часам, палітоляг Валер Карбалевіч лічыць, што казаць пра рэфэрэндум аб падаўжэньні прэзыдэнцкага тэрміну ў Беларусі пакуль заўчасна. Але тэарэтычна такі плебісцыт мог бы прынесьці цяперашнім уладам пэўную карысьць.

Валер Карбалевіч: Посьпех на рэфэрэндуме азначае тое, што ў 2020 годзе ня трэба праводзіць прэзыдэнцкія выбары, а паколькі сытуацыя ня вельмі добрая ў эканоміцы, а давер грамадзтва ўпаў, гэта стварае невялічкую рызыку для Лукашэнкі. Таму рэфэрэндум дазволіць адцягнуць гэтую рызыку.

Калі афіцыйны Менск усё ж вырашыць правесьці галасаваньне, Беларусь стане далёка ня першай краінай на постсавецкай прасторы з падобным досьведам. У прыватнасьці, у 2008 расейская Госдума падтрымала за падаўжэньне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 4 да 6 гадоў. А ў верасьні 2016 адбыўся канстытуцыйны рэфэрэндум у Азербайджане, у выніку якога прэзыдэнцкі тэрмін там павялічыўся з 5 да 7 гадоў. Ці можна казаць пра пэўны трэнд? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да Аляксандра Класкоўскага.

Аляксандр Класкоўскі: Постсавецкія аўтарытарныя рэжымы вельмі падобныя. Лёгіка кіраўнікоў банальная. Яны імкнуцца зь меншымі высілкамі забясьпечыць сабе кіраваньне на як мага даўжэйшы тэрмін. Спакуса такая, я думаю, ёсьць і ў Лукашэнкі. Зь іншага боку, ён узважвае палітычныя рызыкі. Самае галоўнае, што ён перайначваў Канстытуцыю, змагаўся за дадатковыя паўнамоцтвы для сябе й прывілеі ў той час, калі яшчэ не настолькі ўзяў пад свой кантроль усё ў Краіне. А сёньня, калі выбары фактычна пераўтварыліся ў пераафармленьне ягонага кіраваньня на чарговы тэрмін, гэта пытаньне факультатыўнае. Яно было б някепска, але, я думаю, што гэта не самамэта й ня звышзадача зараз для Лукашэнкі.

Цікавасьць назіральнікаў выклікае таксама той факт, што першай зь ініцыятывай павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін выступіла Лібэральна-дэмакратычная партыя, кіраўніцтва якой неаднаразова называла сябе «канструктыўнай апазыцыяй». Працягвае Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч: Лібэральна-дэмакратычная партыя вядомая тым, што яна заўсёды гатовая падыгрываць уладзе. Яна падхоплівае ідэі, якія, магчыма, не зусім зручна агучваць афіцыйным колам, і выдае іх нібыта за свае. Нешта падобнае адбываецца ў Расеі, дзе ёсьць лібэральна-дэмакратычная партыя Жырыноўскага. Ён агучвае ідэі, якія, верагодна, сорамна агучваць Крамлю.

Адбудзецца ў Беларусі новы рэфэрэндум ці не, сказаць пакуль складана. Няма адзінай думкі на гэты конт і сярод палітычных назіральнікаў. Але многія зь іх, сапраўды, не выключаюць такога сцэнару. Час на прыняцьце рашэньня пакуль застаецца. Нават калі галасаваньне назначаць разам з выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў, заплянаванымі на люты. Паводле выбарчага заканадаўства, рэфэрэндум мае быць абвешчаны не пазьней чым за тры месяцы да яго правядзеньня.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт