Logo Polskiego Radia
Print

28 гадоў таму прыбалты сказалі "не" Савецкаму Саюзу

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.08.2017 16:44
  • гісторыя.mp3
“Балтыйскі шлях” працягласьцю 600 км аб'яднаў 2 млн чалавек - 25% насельніцтва трох прыбалтыйскіх рэспублік.
Удзельнікі акцыі ў Летувіскай ССРУдзельнікі акцыі ў Летувіскай ССРcommons.wikimedia.org/Rimantas Lazdynas/CC BY-SA 3.0 CC

23 жніўня споўнілася 28 гадоў з моманту правядзеньня надзвычай арыгінальнай і ўнікальнай мірнай акцыі ў сусьветным маштабе: у той дзень у 1989 годзе меў месца “Балтыйскі шлях”. Жыхары Летувіскай, Латвійскай і Эстонскай Савецкіх Рэспублік стварылі жывы ланцуг даўжынёй амаль у 600 км: у акцыі прыняло ўдзел каля 2 млн чалавек – на той час гэта прыкладна 25% насельніцтва трох прыбалтыйскіх рэспублік. Такім чынам балтыйскі ланцуг аб’яднаў Талін, Рыгу й Вільню. Вось як падзею асьвятляла тады, у 1989 годзе, Польскае радыё.

Польскае радыё: У 50-ю гадавіну Пакту Рыбэнтропа-Молатава ў прыбалтыйскіх рэспубліках адбыўся пратэст супраць вынікаў гэтага пагадненьня. Як паведамляе Бі-Бі-Сі, тысячы людзей у Летуве, Латвіі й Эстоніі ўзялі ўдзел у пратэстнай акцыі супраць сакрэтнага пратаколу, падпісанага паміж дзяржавамі Сталіна й Гітлера. На яго моцы згаданыя дзяржавы страцілі незалежнасьць і ў 1940 годзе былі далучаныя да Савецкага Саюза. Пратэстуючыя, узяўшыся за рукі, стварылі жывы ланцуг, які налічваў каля 600 км. Карэспандэнт Бі-Бі-Сі паведамляе, што людзі трымаюць нацыянальныя, несавецкія сьцягі й сьпяваюць патрыятычныя песьні. Маніфэстацыю арганізавалі Народныя фронты Летувы, Латвіі й Эстоніі.

Мэтай акцыі было прыцягнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці да гістарычных падзей, якія зьмянілі статус краінаў Прыбалтыкі. Згодна з пактам і сакрэтным пратаколам, які прыкладаецца да яго, СССР і Нямеччына падзялялі сфэры ўплыву ў Эўропе: Латвія, Эстонія, Фінляндыя, усходнія вобласьці Польшчы й Бэсарабіі адыходзілі СССР, а Летува й захад Польшчы - Нямеччыне.

Акцыя прадэманстравала растучую ўпэўненасьць сілаў, якія змагаліся за незалежнасьць прыбалтыйскіх краінаў.

“Балтыйскі шлях” дазволіў прадэманстраваць усяму сьвету жаданьне народаў Прыбалтыкі аддзяліцца ад СССР, іхнюю салідарнасьць у гэтым памкненьні.

Улады СССР адрэагавалі на акцыю толькі рыторыкай, не зрабіўшы ніякіх рэальных крокаў для ўмацаваньня адносінаў паміж рэспублікамі, у выніку чаго хутка пасьля правядзеньня “Балтыйскага шляху” Летува першай з рэспублік Савецкага Саюзу аб’явіла пра выхад зь яго складу 11 сакавіка 1990 году.

Лідар ГДР Эрых Хонэкер і камуністычнай Румыніі Нікалае Чаўшэску прапанавалі Маскве падавіць сілавымі мэтадамі акцыю ў Прыбалтыцы, аднак Міхаіл Гарбачоў адмовіўся ад дапамогі саюзьнікаў. Варта пры гэтым нагадаваць, што Гарбачоў у сьнежні 1989 году падпісаў дэклярацыю, у якой асудзіў пакт Рыбэнтропа-Молатава.

У 2009 годзе ЮНЭСКА прызнала акцыю фэномэнам мірнага супраціву й прыняло рашэньне ўключыць дакумэнтальныя матэрыялы пра яе ў міжнародны рэгістар праграмы «Памяць сьвету».

Працяглы час “Балтыйскі шлях” быў у Кнізе рэкордаў Гінэса як найдаўжэйшы жывы ланцуг. У 2011 годзе рэкорд перайшоў да Банглядэш: там у акцыі пратэсту ўдзел прыняло больш за 5 млн чалавек, а чалавечы ланцуг склаў 1050 км.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт