Logo Polskiego Radia
Print

Сыстэма аховы здароўя Польшчы атрымае рэкордныя ўліваньні зь бюджэту

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 31.08.2017 14:14
Да канца году дзяржава пералічыць на карысьць мэдыцыны 2,8 мільярда злотых (гэта прыблізна 780 мільёнаў амэрыканскіх даляраў)
pixabay.com/Public Domain CC0

Сыстэма аховы здароўя Польшчы атрымае рэкордныя ўліваньні зь бюджэту. Да канца году дзяржава пералічыць на карысьць мэдыцыны 2,8 мільярда злотых (гэта прыблізна 780 мільёнаў амэрыканскіх даляраў). Тэме прысьвечаны адзін з матэрыялаў сьвежага нумару выданьня Dziennik Gazeta Prawna. Тры чвэрці грошай накіруюць на зьмяншэньне чэргаў у мэдыцынскіх установах. Рэшта пойдзе на новае абсталяваньне, гаворыцца ў артыкуле.

Праектам адпаведнага дакумэнту пастаянны камітэт Рады Міністраў абяцае заняцца на гэтым ці наступным тыдні. Устава павінна пачаць дзейнічаць не пазьней за 23 верасьня. Пасьля гэтага паліклінікі ды шпіталі змогуць абслугоўваць значна больш людзей. Перш за ўсё, зьмены закрануць тыя працэдуры, на якія зараз складана трапіць. Гэта, напрыклад, магнітна-рэзанансная тамаграфія, лячэньне катаракты, імплянтацыя эндапратэзаў. Зараз у некаторых рэгіёнах Польшчы пацыенты мусяць чакаць апэрацыяў нават па некалькі гадоў.

Акрамя таго, з дадатковых сродкаў закупяць так званыя «дэнтобусы» (то бок, мабільныя стаматалягічныя кабінэты для дзяцей і моладзі). У першую чаргу, падтрымку атрымаюць установы, якія займаюцца комплекснай дапамогай хворым на рак грудзей. Як паведамлялася раней, у краіне створаць сетку пунктаў, дзе жанчыны будуць мець доступ да поўнай дыягностыкі, лячэньня ды рэабілітацыі. Усе гэтыя крокі знайшлі пазытыўныя водгукі сярод спэцыялістаў. У тым ліку, тых, хто звычайна скептычна ставіцца да палітыкі Міністэрства аховы здароўя, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт