Logo Polskiego Radia
Print

Лепшым у гісторыі быў мінулы сэзон для вышэйшай футбольнай лігі Польшчы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 31.08.2017 15:12
Клюбы Экстраклясы паказалі рэкордныя фінансавыя рэзультаты за ўсе 90 гадоў існаваньня чэмпіянату краіны.
Foto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Лепшым у гісторыі быў мінулы сэзон для вышэйшай футбольнай лігі Польшчы. Як паведамляе сёньня газэта Puls Biznesu, клюбы Экстраклясы паказалі рэкордныя фінансавыя рэзультаты за ўсе 90 гадоў існаваньня чэмпіянату краіны. Да гэтага варта дадаць небывалыя трансфэры, а таксама наведвальнасьць матчаў.

Цягам сэзону 2016/2017 каманды вышэйшай лігі разам зарабілі 706 мільёнаў злотых (гэта без малога 200 мільёнаў даляраў). Для параўнаньня – у мінулым сэзоне сума была амаль на траціну меншая, адзначае экспэрт Марэк Мусял. Разам з тым, на фоне некаторых іншых краінаў Эўразьвязу паказчыкі ўсё яшчэ даволі сьціплыя. Напрыклад, сярэдні бюджэт аднаго клюбу ангельскай Прэм’ер-лігі пераўзыходзіць прыбытак усёй Экстраклясы, гаворыцца ў матэрыяле.

У заходніх краінах зараз назіраюцца гаспадарчы ўздым і даволі высокая актыўнасьць спажыўцоў. І калі польскі чэмпіянат паказвае добрыя фінансавыя рэзультаты, то за мяжой посьпехі яшчэ больш значныя, кажуць назіральнікі. Разам з тым, экспэрты бачаць яшчэ адну пазытыўную тэндэнцыю ў польскім футболе – скарачэньне долі замежнага капіталу ў мясцовых клюбах. Цягам мінулага году яна зьменшылася з амаль 3 да 2 зь невялікім адсоткаў.

Што тычыцца будучага дружынаў Экстраклясы, то зарабляць яшчэ больш грошай будзе даволі складана з-за браку прыбыткаў ад удзелу ў вялікіх эўрапейскіх турнірах. Тым не менш, кіраўніцтва вышэйшай футбольнай лігі краіны бачыць вялікі патэнцыял у далейшым павелічэньні наведвальнасьці польскіх матчаў, а таксама ў распаўсюджаньні сувэнірнай прадукцыі ды атрыбутыкі для заўзятараў.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт