Logo Polskiego Radia
Print

Каталёнія магла пазьбегнуць трагедыі

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 01.09.2017 17:07
Яшчэ ў траўні амэрыканскія спэцслужбы папярэджвалі ўлады Гішпаніі пра магчымую атаку тэрарыстаў у Барсэлёне.
Кіраўнік каталёнскай паліцыі Хасэп Луіс ТрапэраКіраўнік каталёнскай паліцыі Хасэп Луіс ТрапэраPAP/EPA/Andreu Dalmau

Каталёнія магла пазьбегнуць трагедыі. Яшчэ ў траўні амэрыканскія спэцслужбы папярэджвалі ўлады Гішпаніі пра магчымую атаку тэрарыстаў у Барсэлёне. Аднак гэтая інфармацыя засталася без увагі, піша Gazeta Wyborcza. Тэкст паведамленьня, якое паліцыя, кіраўніцтва разьведкі, грамадзянская гвардыя ды антытэрарыстычны цэнтар у Мадрыдзе атрымалі са Злучаных Штатаў, зьявіўся на старонках каталёнскага выданьня El Periódico.

У ім гаворыцца, што групоўка «Ісламская дзяржава» рыхтуе тэракты ў папулярных сярод турыстаў месцах Барсэлёны. Пры гэтым амэрыканскі бок спасылаўся на неправераныя крыніцы. У сваю чаргу, кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў Каталёніі падчас прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер упершыню прызнала: паведамленьне насамрэч было. Разам з тым чыноўнікі не пацьвердзілі, што інфармацыя прыйшла ад амэрыканскіх спэцслужбаў. Адзначым, раней улады аўтаномнага рэгіёну абвяргалі сам факт атрыманьня такіх дадзеных.

Тым часам, El Periódico сьцьвярджае – пра папярэджаньне рэдакцыя ведала яшчэ ў чэрвені. Але тады журналісты вырашылі не пісаць аб гэтым, каб не сеяць паніку сярод насельніцтва. Газэта разьлічвала, што мясцовы ўрад усё ж павысіць узровень бясьпекі.

Нагадаем, сэрыя тэрактаў у Каталёніі адбылася 17 жніўня. Першапачаткова група з 12 джыхадыстаў плянавала ўзарваць бомбы, але пазьней вырашыла выкарыстаць для атакаў у Барсэлёне ды муніцыпалітэце Камбрыльс грузавыя аўтамабілі. Ахвярамі злачынцаў сталі 16 чалавек.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт