Logo Polskiego Radia
Print

Новенькія самалёты прастойваюць у ангарах, карыстацца імі нельга

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.09.2017 14:24
Сытуацыя ставіць пад сумнеў кантракт, па якім Польшча павінна атрымаць восем такіх машын.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакBy Gian Marco Anzellotti, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org

Польшча набыла трэніровачныя самалёты, але пілёты ня могуць на іх вучыцца лятаць – піша «Polityka». Ужо 10 месяцаў дзьве такія машыны М-346 стаяць у ангарах на лётнішчы ў Дэмбліне. Новенькія самалёты, сучасная тэхніка, а нельга на ёй вучыцца. Чаму так адбываецца?

Белікі прыляцелі ў Польшчу ў кастрычніку мінулага году. Польскія пілёты іх абляталі, пацьвердзілі іх эфэктыўнасьць у палёце, але сам вытворца прызнаў, што машыны не выконваюць усіх умоваў, прапісаных у кантракце. Гаворка ідзе пра электронную сымуляцыю ўзбраеньня. Аднак інструктар адзначае, што на пачатковым этапе сымуляцыя ўзбраеньня не адыгрывае вельмі істотнай ролі, і ўжо цяпер можна было б пасадзіць за стырно самалётаў першых кандыдатаў у пілёты F-16.

Тым ня менш, Міністэрства нацыянальнай абароны заявіла, што італьянскі вытворца ня выканаў усіх патрабаваньняў кантракту і не ўнесла самалётаў у склад узброеных сілаў. Здавалася, што праблему ўдасца вырашыць на працягу некалькіх месяцаў, але перамовы зайшлі ў тупік. Польшча налічвае пастаўшчыку высокія штрафы за пратэрміноўку – 0,1% за кожны дзень, а гэта ўжо амаль 50 млн. злотых.

Пілёты ня могуць нават пасядзець у кабіне самалётаў, паколькі ў чэрвені тэхнічны пэрсанал выдаліў з іх авіяцыйныя крэслы. І пачалася кансэрвацыя машын. Паводле правілаў, тэхніку неабходна кансэрваваць, калі яна стаіць бязь дзейнасьці як мінімум шэсьць месяцаў. Калісьці Мацярэвіч (цяпер міністар абароны) сьмяяўся са словаў Камароўскага (былы прэзыдэнт), што польскія лётчыкі могуць лятаць нават на дзьвярах ад хлява. Калі так далей пойдзе, то нічога іншага ім не застанецца, – злуецца адзін з афіцэраў.

Сытуацыя ставіць пад сумнеў увесь кантракт, згодна з якім Польшча павінна была атрымаць восем набытых трэніровачных самалётаў да канца лістапада бягучага году.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт