Logo Polskiego Radia
Print

«Беларускамоўная рэкляма вылучаецца й прыцягвае да сябе ўвагу»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.09.2017 19:31
  • мова.mp3
Беларуская мова зьяўляецца неадʼемнай часткай карпаратыўна-сацыяльнай адказнасьці, лічыць дэпутатка Алена Анісім.
Алена АнісімАлена Анісімфота: ТБМ

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны й грамадзкі рух «Дзея» на канфэрэнцыі прэзэнтавалі шэраг рэкамэндацый па паляпшэньні стану беларускай мовы, у тым ліку і ў заканадаўчай галіне. Паводле дадзеных, у банку прававой інфармацыі з прыкладна 200 тыс. нарматыўных актаў толькі 3,1% беларускамоўныя.

Паводле юрыста «Дзеі» Аляксандра Жука, якога цытуе «Наша Ніва», нават гэтыя нешматлікія акты на беларускай мове маюць тэхнічны характар і невялікі аб’ём.

Каб выправіць дадзеную сытуацыю, паўгады таму ТБМ і «Дзея» распачалі ініцыятыву «Перакладатон», дзякуючы якой валянцёрамі быў перакладзены на беларускую мову Грамадзянскі кодэкс. Актывісты не зьбіраюцца спыняцца на гэтым, а плянуюць перакласьці аналягічным чынам Працоўны кодэкс.

Апроч праекта рэкамэндацый у заканадаўчай сфэры, актывісты «Дзеі» прадставілі сайт Nabyvaj.by, што ўяўляе сабой сэрвіс бясплатнага перакладу для беларускіх і замежных бізнэс-суб’ектаў. На дадзеным сайце прадстаўнікі той ці іншай кампаніі могуць пакідаць заяўкі з матэрыяламі, што хацелі б перакласьці на беларускую мову (інфармацыя пра кампанію ці пра пэўны тавар: склад прадукту, інструкцыя карыстаньня таварам і інш.).

Акрамя таго, электронны рэсурс Nabyvaj.by дае магчымасьць прагледзець ужо існуючыя прыклады пасьпяховага выкарыстаньня беларускай мовы ў маркетынгу й рэкляме. Сярод іх прысутнічаюць як Velcom, Symbal.by, «Лідзкае піва», так і, напрыклад, Coca-Cola зь нядаўняй рэклямнай кампаніяй з удзелам гурту Naviband.

А нашым суразмоўцам зьяўляецца вядомая дзеячка, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна прысутнічала на канфэрэнцыі й распавяла нам, як пашырыць выкарыстаньне беларускай мовы і ў якіх перш за ўсё сфэрах.

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт