Logo Polskiego Radia
Print

Урад забароніць будаўніцтва маленькіх кватэр

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.09.2017 13:54
  • 12.09.17_эканоміка.mp3
Кіраўніцтва Польшчы зьбіраецца вызначыць мінімальную плошчу кватэр.
Foto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Міністэрства Інфраструктуры і будаўніцтва распрацоўвае распараджэньне, у якім будзе вызначаная мінімальная агульная плошча кватэры для продажу – 25 м2. Папраўка павінна выключыць памяшканьні меншыя чым 20 м2, якія дэвэлёпэры прадаюць у якасьці кватэр.

Экспэрты па рынку нерухомасьці лічаць, што гэта няправільнае рашэньне, таму што яно пазбавіць частку грамадзтва магчымасьці мець уласную кватэру, напрыклад бацькоў, якія адпраўляюць дзяцей вучыцца ў сталіцу і замест плаціць за арэнду, маглі б купіць сваю кватэру.

«А калі ў будучыні ня будзе попыту на мікракватэры, то памяшканьне можна перарабіць на гатэль, спалучыць некалькі мікракватэр у адно паўнавартаснае жыльлё, або выкарыстаць будынак у якасьці складу для самаабслугоўваньня. Сёньня гэта вельмі прыбытковы сэгмэнт рынку», – зазначае экспэрт Open Finance Барташ Турэк.

Адначасова адзначым, што ўчора, 11-га верасьня, увайшоў у сілу закон, які стварае Нацыянальны запас нерухомасьці (О Krajowym Zasobie Nieruchomości). Мэта гэтага закону – паспрыяць павелічэньню рынку кватэр, у прыватнасьці для малазабясьпечаных грамадзян.

Кошт будаўніцтва такіх кватэр будзе меншы, чым на свабодным рынку, дзякуючы таму, што будынкі будуць будавацца на ўчастках, якія зьяўляюцца ўласнасьцю дзяржавы, – адзначае міністар Інфраструктуры і будаўніцтва Анджэй Адамчык.

А.Адамчык: Нацыянальны запас нерухомосьці насамрэч вызваляе агромністы патэнцыял, які мае дзяржаўная нерухомосьць – зямныя ўчасткі. Яны павінны быць выкарыстаныя і павінны паспрыяць разьвіцьцю будаўніцтва кватэр у Польшчы.

Пяршынства на арэнду гэтага віду кватэры атрымаюць асобы з малымі заробкамі; у якіх ёсьць малалетнія дзеці; якія ня маюць іншага жытла; рэпатрыянты; людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Аплаты ў гэтых кватэрах будуць кантралявацца дзяржавай. Кватэру можна будзе выкупіць ва ўласнасьць.

Puls Biznesu/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт